Адрас:

223311, Мінская вобл., г.Беразіно, вул. Кастрычніцкая, 18

Тэлефон:

+375 (1715) 5-58-41

Рэжым работы:

панядзелак-пятніца з 8.00 да 17.00, абед з 13.00 да 14.00

Бродецкая сельская библиотека-клуб

Першае упамінанне аб будучай бібліятэцы ў вёсцы Брадзец значыцца ў 1921 годзе ў №113 газеты “Звязда” ад 18 сакавіка: “…в деревне Бродец имеется дом, нуждающийся в незначительном ремонте, бывшее волостное управление, которое могло бы стать центром культурно-просветительной работы…”

У 1922 годзе былі адкрыты клуб і пры ім хата-чытальня. З-за атсутнасці кніг і перыядычных выданняў хата-чытальня не магла нармальна функцыяніраваць. У ёй сабіралася мясцовае насельніцтва на сходы.

З публікацыі газеты “Звязда” №27 ад 3 лютага 1927 года вядома: “…Клуб закрыты, у бібліятэцы няма ніводнай кніжкі. Усё расцягнута. Была раяль, цяпер паламана і стаіць недзе ў кутку. Гурткі, як газетны, так і сельскагаспадарчы існуюць толькі на паперы. Насельніцтва не ўцягнута ў культурную работу. З 530 душ дарослага насельніцтва 50% - непісьменныя…”

Пры стварэнні ў 1934 годзе калгаса “Беразіна” высокімі тэмпамі пачалося весціся будаўніцтва. Ужо ў 1939 годзе у вёсцы Брадзец былі адкрыты медпункт, школа, пажарная дружына, сельскі клуб і бібліятэка з невялікай колькасцю кніг. У гады Вялікай Айчыннай вайны бібліятэка была разбурана немцамі, а фонд спалены. Пасля заканчэння вайны мясцовыя ўлады выдзелілі пад бібліятэку будынак, у якім раней знаходзіўся сельскі Савет. Кніжны фонд налічваў каля 100 кніг. З году ў год кніжны фонд бібліятэкі папаўняўся. Вялася палітычна-асветніцкая работа сярод насельніцтва, арганізоўваліся выставы, афармляліся стэнды, плакаты і насценныя газеты, у якіх асвятлялася дзейнасць партыі, жыццё краіны, раёна, калгаса. У той час бібліятэкарамі працавалі Кніга Ганна, Бегуновіч Віктар Віктаравіч.

У 1960 -61 гадах бібліятэка перамясцілася ў невялікі пакой на МТС. Старшыня калгаса перадаў бібліятэцы невялікую мэблю, фіранкі на вокны. Памяшканне не ацяплялася, столь цякла, і ад чаго значна пацярпеў кніжны фонд. У сувязі з аварыйным станам бібліятэку зноў перавялі ў былое памяшканне будынка сельскага Савета.

У 1970 годзе быў пабудаваны вялікі двухпавярховы будынак новага тыпу, на першым паверсе якога ў спецыяльна прадугледжаным памяшканні размясцілася бібліятэка пад адным дахам з мясцовым сельскім Домам культуры і адміністрацыяй гаспадаркі. Бібліятэкай загадвала Габец Валянціна Пятроўна. Прымяняючы самыя розныя формы масавай работы: гутаркі, гучныя чыткі, лекцыі, чытацкія канферэнцыі, тэматычныя вечары, сустрэчы з цікавымі землякамі, ушанаванне перадавікоў гаспадаркі, кніжныя выстаўкі і плакаты, бібліятэкар імкнулася давесці пастаўленыя рашэнні партыі і ўрада да мясцовага насельніцтва і працаўнікоў калгаса і мабілізаваць іх на паспяховае вырашэнне. У правядзенні мерапрыемстваў была наладжана цесная садружнасць з мясовым Домам культуры, школай і адміністрацыяй калгаса. На момант уваходу бібліятэкі ў Бярэзінскую цэнтралізаваную бібліятэчную сістэму кніжны фонд складаў звыш 7,5 тысяч экземпляраў рознагаліновай літаратуры і перыядычных выданняў. За 1979 год бібліятэкай было выдана 12 245 экз. друкаваных выданняў і абслужана 610 чытачоў, у тым ліку 176 дзяцей ва ўзросце да 15 гадоў. За год бібліятэка атрымала 767 экз. новых кніг.

У 1986 годзе пры бібліятэцы створаны лялечны гурток, прадстаўленні якога з задавальненнем успрымалі гледачы - вучні мясцовай школы і выхаванцы дзіцячага сада.

Бібліятэка аказвала метадычную і практычную дапамогу ў стварэнні кутка навукова-тэхнічнай інфармацыі пры сельскай гаспадарцы, прымала актыўны ўдзел у падрыхтоўцы актуальных пытанняў па праблемах культуры да разгляду на сесіях сельскага Савета. У 1987 годзе на базе Брадзецкай бібліятэкі быў наладжаны семінар “Эффективные формы деятельности библиотек в помощь агропрому”, у ходзе якога бібліятэкары раёна азнаёміліся з работай куткоў навукова-тэхнічнай інфармацыі калгасаў “Беразіна” і “Ільіча”.

У маі 1988 года Валянціна Пятроўна выбрана старшынёй мясцовага сельскага Савета. На змену ёй прыйшла працаваць пасля заканчэння Мінскага інстытута культуры Крэмініцкая Галіна Рыгораўна. У верасні 1991 года бібліятэкарам прызначана Сакава Іна Леанідаўна з сярэдня спецыяльнай адукацыяй, якая працуе і па цяперашні час. На перыяд дэкрэтных адпачынкаў аснаўнога работніка у бібліятэцы працавалі Собаль Лідзія Ананьеўна (15.01.1981 – 14.10.1983гг.), Гамеза Алена Іванаўна (01.03.1991 – 12.02.1993гг.), Сідаровіч Марыя Мікалаеўна (17.07.1991 – 10.07.1995гг.)

У канцы 80-ых - 90-ых гадах скарачэнне колькасці мясцовага насельніцтва негатыўна сказвалася на выкананні планавых паказчыкаў. Па выніках 1995 года ў бібліятэцы чытала 277 чалавек. Са зніжэннем колькасці чытачаў знізілася і кнігавыдача – 3 292 экз. за год. У сувязі са слабым фінансаваннем скарацілася і паступленне новых кніг: у 1996 годзе паступіла 50 экз., у 1998 – 63, і з кожным годам лічбавыя паказчыкі зніжаліся.

У сваёй дзейнасці Брадзецкая бібліятэка імкнулася задаволіць запыты і патрэбы чытачоў, спрыяць іх адукацыі, самавыхаванню. У сувязі з закрыццём ў 1993 годзе Міраслаўскай сельскай бібліятэкі зона абслугоўвання Брадзецкай бібліятэкі павялічылася: стала ўключаць 15 вёсак, у якіх пражывала звыш 900 чалавек. На базе вёскі Міраслаўка арганізаваны пункт выдачы кніг ад стацыянарнай бібліятэкі.

У 1996 годзе пакладзены пачатак садружнасці і абмену вопытам работы з Сялібскай сельскай бібліятэкай у рамках узаеманаведванняў “Умееш сам – навучы таварыша”.

Асноўным накірункам ў рабоце бібліятэкі з'яўлялася выяўленне і назапашванне краязнаўчых матэрыялаў. Аформлена кніжная выстава “Цвіці, каласуйся, мой край!”, на якой прадстаўлены вырабы мясцовых умельцаў, папкі з сабранымі матэрыяламі аб раёне, калгасе, вёсках і цікавых людзях Брадзецкага сельскага Савета. Прапаганда назапашаных матэрыялаў вялася наведвальнікам бібліятэкі праз краязнаўчыя гадзіны і інфарміны “Яны жывуць сярод нас”, “Вёскі – знічкі, вёскі – перайменкі”, “Маленькі пабрацім раённай газеты”: з гісторыі калгаснай газеты пад рэдакцыяй А. Беланогава; гадзіны карысных парад “Каб Бог сцярог і людзі паважалі”, “Свята Вялічка з чырвоным яечкам”, “Матуліны абярэгі”; гадзіны абраднасці (сумесна з СДК) “Каляды”, “Масленіца”, “Тройца”.

У рамках абласной праграмы “Міласэрнасць” бібліятэкай сабраны банк даных аб асобах, патрабуючых сацыяльнай рэабілітацыі, жадаючым людзям гэтай катэгорыі кнігі і перыёдыка дастаўлялася на дом, яны запрашаліся на сумесныя бібліятэчныя мерапрыемствы з мясцовым Домам культуры: вечарыны “Старасць мяне дома не застане”, шоў “Супер-бабуля”, дні вясковых старажылаў “10 запаведзей пажылых”і інш..

У 2001 годзе пры бібліятэцы арганізаваны клуб для жанчын “Сяброўка”. У рамках пасяджэнняў за кубкам гарбаты абмяркоўваліся розныя хвалюючыя на той момант пытанні па сямейнаму праву, выхаванню дзіцяці і інш., удзельнікам прапаноўваліся гадзіны цікавай і шакіруючай інфармацыі “Жаночыя варожбы”, “Дзяцінства і мацярынства”, “Зазірні ў таямніцу лёсу”, “Непрыгожых жанчын не бывае”, “Дзіцячыя слёзы ў чарцы спіртнога”; Трыбуны гонару “Гераіня дня буйным планам (лепшая шматдзетная маці вёскі)”, “Мацярынскае шчасце” пра лепшыя шматдзетныя сем'і Брадзецкага сельскага Савета; эстафеты шчырасці “Гісторыя майго рамантычнага кахання”; гадзіны карысных парад “Без дзяцей ціха, ды на старасці ліха” і інш...

У каардынацыі са школай праводзілася масава-асветніцкая работа сярод дзяцей і падлеткаў, якія запрашаліся на бібліятэчныя ўрокі дабрыні і міласэрнасці, урокі экалогіі і здаровага ладу жыцця, урокі маральнасці і патрыятызму, літаратурныя і краязнаўчыя гадзіны. Бібліятэка садзейнічала папулярызацыі беларускай мовы і літаратуры: аформляліся тэматычныя падборкі лепшых твораў беларускіх пісьменнікаў, пісьменнікаў-землякоў; праводзіліся дні беларускай літаратуры з паглыбленай індывідуальнай і масавай прапагандай твораў беларускіх аўтараў пад дэвізам “Пасябруй з беларускай кнігай!”; вывешваліся насценныя спісы “Літаратурнае меню школьніка”; афармляліся закладкі ў кнігі, антэрэкламнікі, рэкламна-інфармацыйныя карткі “Малавядомыя факты пра вядомыя кнігі”, “Яны сябруюць з кнігай” і інш.. Асаблівая ўвага ўдзялялася прапагандзе твораў пісьменнікаў-юбіляраў года ў рамках беларускіх чацвяргоў. У 2002 годзе ўвага бібліятэкі была скіравана на праганду творчасці беларускіх класікаў Я. Купалы і Я. Коласа з нагоды іх 125-гадовага юбілею.

Аб'яўленая акцыя ў 2004 годзе “Дапамажы бібліятэцы” дазволіла, дзякуючы чытачам, папоўніць бібліятэчны фонд Брадзецкай бібліятэкі на 35 новых кніг павышанага попыту і стала штогадовым рытуалам.

У 2004 годзе клуб “Сяброўкі” прыпыніў дзейнасць. Быў арганізаваны клуб для падлеткаў – вучняў мясцовай школы “Залатое сэрца”. Рабяты не абмяжоўваліся пасяджннямі, у рамках якіх праходзілі цікавыя і займальныя мерапрыемствы, а і дастаўлялі кнігі і перыядычныя выданні, чыталі ўслых, віншавалі землякоў з днём нараджэння і іншымі святамі, запрашалі на свае пасяджэнні, дапамагалі па гаспадарцы інвалідам і састарэлым адзінока-пражываючым аднасяльчанам.

Вялікая работа была наладжана па патрыятычнаму выхаванню падрастаючага пакалення ў 2005 годзе ў рамках дабрачыннай акцыі “Святая памяць” з нагоды 60-годдзя Вялікай Перамогі. Дзецям і падлеткам прапанаваліся ўрокі памяці, мужнасці, роздуму “Мы – малыя ахвяры, той Вялікай вайны”, “Стаяць маўкліва абеліскі з імёнамі і без імён”, “Званы Хатыні”; літаратурныя агляды і гадзіны па творах беларускіх пісьменнікаў пра герояў і подзвігі той пары. Была праведзена акцыя “Кожнаму наведвальніку бібліятэкі – кнігу аб вайне”.

Па прычыне аварыйнага стану будынак сельскага Дома культуры ў 2005 годзе быў закрыты. Бібліятэка перамясцілася ў прыстасаванае памяшканне сельскага Савета.

У 2006 годзе, апроч гарантаваных бясплатных паслуг, бібліятэка пачала аказваць платныя паслугі за выдачу кніг з камерцыйнага фонду. Даход за 2007 год склаў 122 600 рублёў. Па выніках 2008 года ў бібліятэцы чытала 330 чалавек, з іх 77 дзяцей ва ўзросце да 15 гадоў, якім было выдана 6 286 экз. кніг, перыядычных і іншых дакументаў. Кніжны фонд налічваў 5 485 экз. друкаваных выданняў. За год кніэжны фонд папоўніўся 321 экз. кніг, 329 экз. часопісаў і 12 найменнямі газет, у тым ліку, дзякуючы чытачам у рамках дабрачыннай акцыі “Дапамажы бібліятэцы” - 100 экз. кніг павышанага попыту. Каб шырэй задаволіць запыты чытачоў, загадчыцай бібліятэкі-клуба Сакавай І.Л. кнігі павышанага попыту на працягу апошніх гадоў рэгулярна дастаўляліся з кнігасховішча Бярэзінскай цэнтральнай бібліятэкі для паслуг вясковых кніганошаў.

Па рашэнню Бярэзінскага райвыканкама ў 2008 годзе Брадзецкі і Сялібскі сельскія Саветы аб'ядналіся ў адзін Сялібскі, і ўвесь будынак былога сельскага Савета адышоў пад бібліятэку. З-за атсутнасці клуба ў 2008 годзе бібліятэка па рашэнню Бярэзінскага райвыканкама № 486 ад 22 мая набыла статус дзяржаўнай установы комплекснага характару – бібліятэка-клуб, а ў 2009 годзе стала аграгарадскога тыпу.

Урачыстае адкрыццё ўстановы адбылося як агульнараённае свята з удзелам бібліятэкараў-калег, віншаваннямі ад удзельнікаў літаратурна-прапагандыскай групы “Ліра” бібліятэкараў Пагосцкага сельскага Савета і хора ветэранаў Бярэзінскага РДК. У зону абслугоўвання Брадзецкай аграгарадской установы культуры ўваходзіць 15 населеных пунктаў, у якіх пражывае каля 700 чалавек.

З набыццём новых статутаў пашырыліся функцыі культурна-асветніцкай работы. Цяпер работа бібліятэкі-клуба аграгарадскога тыпу не абмяжоўваецца толькі абслугоўваннем чытачоў і правядзеннем для іх масавай работы, а вядзецца вялікая арганізацыйная работа па правядзенню культурнага досуга ўсяго насельніцтва зоны абслугоўвання, асабліва моладзі, знаходзіцца ў пастаянным пошуку новых і цікавых форм работы на стыку клубных і бібліятэчных пад дэвізам “Культура пачынаецца з Кнігі!”. У штатнае распісанне ўведзена адзінка арганізатара масавай работы.

Напярэдадні Міжнароднага жаночага Дня 8 сакавіка ў Брадзецкай бібліятэцы-клубе адбыўся конкурс-шоу “Супермама”, арганізаваны РК ГА “БРСМ” сумесна з работнікамі гэтай установы культуры. 

У конкурсе прынялі ўдзел маладыя матулі, што пражываюць на тэрыторыі Сялібскага сельскага Савета: Вольга Кніга, Ганна Корык, Вольга Гапеева, Марына Корык, Дзіна Цялюк, Алена Кніга. З вялікай цікавасцю вяскоўцы сачылі за кожным этапам конкурсу. Спачатку мамы павінны былі “прарэкламаваць” сябе, потым паказаць свае здольнасці ў ваджэнні дзіцячай каляскі, уменне забіваць цвікі, спяваць калыханку, распазнаць сярод сямі відаў варэння, дзе якое, і інш. Пакуль журы падлічвала балы, гледачам былі прапанаваны музычныя нумары ў выкананні Яны Саколін і Генадзя Трыгуба. У выніку прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам: першае – Вольга Кніга, другое – Ганна Корык, трэцяе – Вольга Гапеева. Кожнай матулі вядучая і арганізатар конкурсу Марына Яфрэменка ўручыла граматы і каштоўныя падарункі. На працягу мерапрыемства канкурсантак падтрымлівалі гучныя апладысменты залы, у якой, дарэчы, не хапіла месцаў, каб кожны глядач мог сесці і адчуць сябе ўтульна: многім давялося ўвесь час прастаяць ў натоўпе.

У снежні 2010 года на базе бібліятэчнай установы праведзена выязная школа прафмайстэрства бібліятэчных работнікаў Бярэзінскай ЦБС “Бібліятэка-клуб аграгарадка: місія арганізатара культурнага жыцця землякоў”. У праграме: рэкламная прэзентацыя афармлення інфармацыйна-асветніцкай зоны і зоны адпачынку, творчага дасье “Мерапрыемства года”, творчай справаздачы перад калегамі з прэзентацыяй аматарскіх аб'яднанняў “Сяброўкі” і “Залатое сэрца”, музычна-рэкламным шоў “На дыскатэку – у клуб-бібліятэку!” Брадзецкай СБК.

У 2011 годзе бібліятэчнай установай комплекснага тыпу адметна вылучалася работа па прапагандзе здаровага ладу жыцця накіраваная на моладзь і падлеткаў. Асновай работы ў маладзёжным асяродку была абрана дыскатэка – месца масавага збору адпачываючай вясковай моладзі. Дыскатэкі былі аб'яўлены зонай, чыстай ад курыва і хмелю. У практыцы Брадзецкай бібліятэкі-клуба, калі наведвальнік дыскатэкі заўважаны з цыгарэтай або ў хмельным стане, яму персанальна адрасуецца прыпеўка цыкла “Не ў брыво, а ў вока” з рэпертуара самадзейных артыстаў аўтарства мясцовага культуарганізатара з паэтычным дарам Г.Трыгуба, выносіцца апошняе папярэджанне з уручэннем “белага” білета на бліжэйшую дыскатэку. Актыўна практыкуецца 5 хвілін гумару і сатыры “Анекдот у тэму” з каментарам дзі-джэя. Былі запатрабаваны дыска-праграмы да Дня моладзі “Каб не піў, не курыў, ды заўжды здаровым быў”, да Дня закаханых прымеркаваны агіт-камапніі “У каханні алкаголь – трэці лішні”. Да Дня 8 сакавіка праходзіла акцыя сярод дзяўчат “Памяняй цыгарэту на цукерку!”, да Дня абаронца Айчыны – “Каб салдатам добрым быць – пастарайся не курыць”. Практыкаваліся правядзенні тыдняў этыкету з вылучэннем самага ветлівага наведвальніка бібліятэкі, бібліятэчнай дыскатэкі, акцыі “Дыскатэка радасці – без тытунёвай гадасці”, “Маладзёжная дыскатэка – зона цвярозасці і некурэння”.

У верасні на базе бібліятэчнай установы прайшоў раённы этап рэспубліканскага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла”, ініцыятарамі якога выступілі РК БРСМ і аддзел па справам моладзі і культуры Бярэзінскга райвыканкама. У праекце бралі ўдзел 10 маладых сем'яў, якія прадстаўлялі ўсе сельскія Саветы Бярэзінскага раёна. Усе яны – спраўныя гаспадары, клапатлівыя бацькі, сумленныя работнікі ў сваіх прадпрыемствах. Не дарэмна за іх прыехалі хварэць старшыні сельскіх Саветаў, калегі і сваякі. Па выніках мерапрыемства ўсе канкурсанты атрымалі дыпломы ўдзельнікаў і падарункі спонсараў ААТ “Бярэзінскі сыраробны завод” і прадпрыемства “Біямалпрам”. Трэцяе месца занялі і папоўнілі хатнюю гаспадарку парсючком ад ЗАТ “Клявіца” Уладзімір і Алена Лапінскія. Другое месца і два парсючкі дасталіся Мікалаю і Марыне Валадзьковым. А хто ж стаў уладальнікам ганаровага тытула “Уладар сяла” і цялёнка ад ААТ “Брадзец”? Жывёла папоўніла падворак Валерыя і Ірыны Стасевічаў. Яны ўраджэнцы і жыхары аграгарадку Брадзец. Гаспадар працуе вадзіцелем малакавоза ў мясцовай гаспадарцы, а гаспадыня знаходзіцца ў водпуску па догляду за дзіцем. Дарэчы, сям'я Стасевічаў гадуе траіх дзетак, трымае хатнюю гаспадарку, даглядае вялікі ўчастак зямлі.

У кастрычніку 2011 года супрацоўнікі Брадзецкай СБК прымалі ўдзельнікаў абласной школы дырэктара – кіраўнікоў цэнтральных бібліятэк Міншчыны, прадстаўніцтва ўпраўлення культуры Мінаблвыканкама і абласной бібліятэкі імя А. Пушкіна. Новы імідж установы культуры комплекснага тыпу прадставіла гасцям загадчыца Сакава Іна Леанідаўна. Яркім дадаткам да прадстаўлення было рэкламнае шоў “Вобразна-эмацыянальныя формы святочнага календара вёскі Брадзец”.

Набыццё камп'ютэра, прынтара, выхад у інтэрнэт дазволілі стварыць камфортныя ўмовы для карыстальнікаў бібліятэкі і разнастаіць сэрвіс платных паслуг. Дзякуючы акцыі “Пачытаў сам – падары бібліятэцы” фонд бібліятэкі папоўніўся на 82 экземпляры літаратуры павышанага попыту (рэпартаж аб акцыі трансліраваўся на тэлебачанні канала СТВ “Міншчына” 14 снежня 2011 года). Усяго за год паступіла 205 кніг, 586 часпісаў і 10 найменняў газет. На канец года кніжны фонд налічвае 6 281 экз., якім карысталіся 300 чытачоў. Кнігавыдача за год склала 5 657 экземпляраў кніг і перыядычных выданняў.

Па выніках работы за 2011 год Брадзецкая сельская бібліятэка-клуб стала пераможцай абласнога спаборніцтва ў намінацыі “Лепшая бібліятэка года” і адзначана Дыпломам Мінскай абластной бібліятэкі імя А.С. Пушкіна.

Брадзецкая сельская бібліятэка-клуб з'яўляюцца неад'емнай састаўной часткай культурнай прасторы зоны абслугоўвання ўстановы, яе надзейным рухавіком далейшага развіцця і творчага ўзбагачэння, уносіць свой уклад у справу ідэйна-эстэтычнага выхавання, умацавання маральных, гуманістычных, патрыятычных ідэй і каштоўнасцей у грамадстве, спрыяе паглыбленню і пашырэнню нацыянальнай свядомасці вяскоўцаў, узбагачэнню духоўнага патэнцыяла землякоў, павышэнню ўзроўню прэстыжнасці адукацыі і грамадскай свядомасці.

Фондам, аб’ём якога складае звыш 5 тысяч экз. дакументаў, штогод карыстаецца звыш 300 чытачоў. К паслугам наведвальнікаў заўсёды адкрыты дзверы. Пры ўстанове працуюць пазнавальна-забаўляльны клуб для падлеткаў “Простоквашено” і для вясковых жанчын “Сяброўкі”. На святы і чырвоныя даты каляндара наладжваюцца цікавыя мерапрыемствы, па суботам і святочным дням праводзяцца дыскатэкі, што спрыяе выконванню гадавога плана платных паслуг.

Наперадзе ў Іны Леанідаўны шмат цікавых спраў і задумак. Яна з аптымізмам глядзіць у будычыню і робіць усё магчымае, каб установа культуры стала неад'емнай часткай жыцця жыхароў вёскі.

Чытаць 3700 разоў Апошняя змена 12.11.18

Інфармацыйныя рэсурсы