Адрас:
223311, Мінская вобл.,
г.Беразіно, вул. Кастрычніцкая, 18
Тэлефон:+375 (1715) 5-58-41

 

04.11.2019 13:31

На Міншчыне завяршаюцца асенне-палявыя работы

На Міншчыне завяршаюцца асенне-палявыя работы

Пра тое, з якім вынікам у Мінскай вобласці завяршаюцца асенне-палявыя работы, расказаў першы намеснік старшыні Мінаблвыканкама Ігар Макар.

На раніцу 2 лістапада засталося ўбраць кукурузу з 7 тысяч гектараў палёў. Гэтыя працы ідуць з добрым вынікам: упершыню на Міншчыне нарыхтавана амаль 4 млн тон сіласу з кукурузы (у мінулым годзе – 3 млн 335 тысяч тон), 3 млн 45 тысяч тон сенажу, 195 тысяч тон сена, што ў цэлым складае 29,15 цэнтнера кармавых адзінак на адну ўмоўную галаву; павелічэнне да ўзроўню мінулага года склала 2,75.

Ідзе нарыхтоўка сенажу па сучаснай тэхналогіі – у палімернай плёнцы. У гэтым годзе нарыхтавана 375 тысяч тон, у мінулым – 290.

Такія вынікі Ігар Макар назваў выдатнымі.

У планах атрымаць амаль 400 тысяч тон збожжа кукурузы. На раніцу 2 лістапада нарыхтавалі 373 тысячы тон, а летась гэты паказчык склаў 360 тысяч тон.

- Тое даручэнне, якое давалася кіраўніком дзяржавы (атрымаць не менш за 2 млн тон збожжа разам з кукурузай на збожжа), Міншчына ўжо выканала: на раніцу 2 лістапада дасягнулі 2 млн 56 тон, - адзначыў Ігар Макар.

Радуе сітуацыя і з цукровым бураком, яго засталося прыбраць з 3 тысяч гектараў. Упершыню Мінская вобласць мае ўраджайнасць буракоў 534 цэнтнера з гектара. Да прыкладу, у мінулым годзе гэты паказчык быў на адзнацы 464 цэнтнера з гектара. У гэтым сезоне цукрыстасць буракоў склала 17,11%.

- Вобласць лідзіруе ў Рэспубліцы, - звярнуў увагу першы намеснік старшыні Мінаблвыканкама.

Выдатны вынік і па ўборцы бульбы, ураджайнасць склала 340 цэнтнераў з гектара.

На палях Міншчыны планамерна ідзе праца па вывазцы арганікі, падымаецца зябліва, ідзе зяблевая апрацоўка глебы. Штодня запахіваецца 9 700 - 10 тысяч гектараў палёў, усяго запахана ўжо больш за 200 тысяч гектараў.

Ігар Макар акцэнтаваў увагу на тым, што на наступны год зроблены добры зачын па кармавой базе. Ужо можна казаць аб поўным забеспячэнні і грубымі кармамі, і збожжафуражом для грамадскай жывёлагадоўлі.

Сёлета нарыхтавалі больш за 29 тысяч тон ільновалакна і атрымалі добрую сярэднюю ўраджайнасць, большую, чым летась на 8 тысяч тон.

- Дынаміка ёсць па ўсіх пазіцыях, - падвёў рысу першы намеснік старшыні Мінаблвыканкама. - Упэўнены, што гэта база, якая дасць нам новы штуршок у 2020 годзе. Цяпер стаіць задача да 7 лістапада завяршыць усе асенне-палявыя работы: убраць кукурузу, цукровыя буракі, гародніну. Гэтая праца будзе выкананая, і Міншчына з выдатнымі вынікамі падыдзе да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі.

Першы намеснік старшыні Мінаблвыканкама Ігар Макар падзякаваў за працу ўсіх, хто ўнёс уклад у годны вынік працы.

14 разоў (а)