Адрас:
223311, Мінская вобл.,
г.Беразіно, вул. Кастрычніцкая, 18
Тэлефон:+375 (1715) 5-58-41

 

15.11.2019 08:03

Беларусь ініцыюе змяненне дагавора з Расіяй аб узаемных намаганнях у ахове граніцы

Беларусь ініцыюе змяненне дагавора з Расіяй аб узаемных намаганнях у ахове граніцы

Беларусь ініцыюе ўнясенне змяненняў у сумесны з Расіяй дагавор аб узаемных намаганнях у ахове граніцы, які дзейнічае з 1995 года. Такая задача пастаўлена сёння кіраўніком дзяржавы, паведаміў журналістам дзяржсакратар Савета бяспекі Станіслаў Зась па выніках даклада Прэзідэнту, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Шэраг палажэнняў гэтага дагавора, безумоўна, страціў сваю актуальнасць. Часу прайшло шмат, сітуацыя змянілася. Шэраг палажэнняў дагавора прыносіць рэальную карысць, выконваецца двума бакамі. Але ў цэлым дагавор патрабуе актуалізацыі і ўзмацнення, - сказаў Станіслаў Зась. - Сітуацыя, якая складваецца на агульных граніцах, патрабуе больш узгодненых дзеянняў абодвух зацікаўленых ведамстваў і абедзвюх краін. Мы гатовы і прапануем гэта зрабіць партнёрам з Расійскай Федэрацыі".

Дзяржсакратар звярнуў увагу, што Беларусь не мае намеру выходзіць з дагавора аб ахове граніцы і лічыць карысным і патрэбным прыкладаць сумесныя намаганні па абароне агульных рубяжоў. Аднак, зыходзячы з сітуацыі, якая склалася, прапануе перапрацаваць існуючы дагавор. Тым больш што цяпер зручны для гэтага час - у лістападзе заканчваецца чарговы 5-гадовы тэрмін яго дзеяння.

Паводле яго слоў, шэраг палажэнняў дакумента выконваецца і дае вынік, напрыклад, інфармацыйны абмен, сумесныя аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, падрыхтоўка кадраў. "Разам з тым некаторыя палажэнні дагавора выконваюцца фармальна або не ў той ступені, як гэта патрэбна. Гэта сумесныя намаганні па развіцці інфраструктуры, па аснашчэнні сіл і сродкаў, якія прыцягваюцца для аховы дзяржаўнай граніцы. У гэтых напрамках як мінімум трэба прыкладаць больш намаганняў", - лічыць Станіслаў Зась.

Ён падкрэсліў, што адкрытасць сумеснай граніцы мае для Беларусі як плюсы, так і мінусы. Адзін з негатыўных момантаў - незаконныя мігранты з Расіі, якія, карыстаючыся празрыстасцю граніцы, спрабуюць пранікнуць на тэрыторыю Беларусі, а тут іх затрымліваюць і дэпартуюць. Акрамя таго, асноўны паток кантрабанды наркотыкаў, што затрымліваецца беларускімі пагранічнікамі, накіроўваецца ў асноўным у Расію. Станіслаў Зась таксама звярнуў увагу на дзеянні суседняй дзяржавы: "Мы як транзітная краіна страчваем сваю прывабнасць, таму што выстаўляюцца дадатковыя пункты кантролю і там заварочваюцца грамадзяне і грузы, яны праходзяць праз іншыя краіны. Гэта мінус для нас".

"Мы гэта таксама павінны адкрыта гаварыць і нашым грамадзянам, і нашым партнёрам, - адзначыў дзяржсакратар. - Разам з тым, супастаўляючы мінусы з тымі плюсамі, якія маем для нашых грамадзян і краіны, мы, вядома, і далей будзем прытрымлівацца таго, што гэта граніца заўсёды будзе свабоднай. Таму што гэта перш за ўсё вельмі зручна для людзей - і расіян, і беларусаў".

Шмат гадоў працавала сістэма, калі праверку дакументаў вялі толькі беларускія пагранічнікі на знешняй граніцы Саюзнай дзяржавы, выкарыстоўваючы адзіны з расіянамі спіс неўязных асоб. Аднак потым Расія ў аднабаковым парадку ўвяла кантроль на граніцы з Беларуссю. "У чым тут сэнс, карыснасць гэтых новых крокаў - мы не бачым. А пэўныя нязручнасці, вядома, ёсць", - падкрэсліў Станіслаў Зась.

Ён перакананы, што ў час работы над папраўкамі ў дагавор трэба шукаць такія сумесныя дзеянні па забеспячэнні бяспекі, якія не будуць ствараць праблем у перасячэнні граніцы. "Мы разумеем намаганні Расійскай Федэрацыі па забеспячэнні сваёй бяспекі, разумеем рызыкі, якія ёсць у яе - тэрарыстычнай пагрозы і гэтак далей. Але трэба шукаць іншыя шляхі сумесных дзеянняў, каб знімаць гэтыя нязручнасці, - сказаў ён. - Як мінімум трэба ацаніць, навошта гэта зроблена, для чаго, якая ад гэтага карысць, і, можа, ёсць сэнс вярнуцца да той сістэмы, якая існавала".

35 разоў (а)