Адрас:

223311, Мінская вобл., г.Беразіно, вул. Кастрычніцкая, 18

Тэлефон:

+375 (1715) 5-10-01

Рэжым работы:

панядзелак-пятніца з 8.00 да 17.00, абед з 13.00 да 14.00

Квэст-гульня «За бяспеку разам»

07.09.2020

6 верасня вучняў і педагогаў сельскіх і гарадскіх устаноў адукацыі, бацькоў і дзяцей запрасіла раённае мерапрыемства "Наш выбар - жыццё без небяспекі".

Дзеянне разгарнулася ў зоне адпачынку каля штучнага возера па вуліцы Перамогі горада Беразіно.

Першай вітала ўдзельнікаў і гасцей свята начальнік упраўлення па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Алеся Цітова.

Затым дзятву запрасілі да ўдзелу ў квэст-гульні "За бяспеку разам". Яна ўжо стала добрай традыцыяй, бо праводзіцца ў раёне другі год запар. Умовы - прайсці маршрут, які ўключае наведванне 8 станцый. Задача - замацаваць навыкі і ўменні, атрыманыя на ўроках па асновах бяспекі жыццядзейнасці, развіць мысленне і здольнасць хутка арыентавацца ў невядомых сітуацыях. Прапанаваныя заданні неабходна выконваць не толькі хутка, але і якасна. Так, як таго патрабуюць надзвычайныя сітуацыі.

Шэсць каманд адпраўляюцца ў падарожжа па краіне бяспекі. На шляху іх чакаюць дэманстрацыя спецыялізаванай тэхнікі, выступленне кінолагаў са службовымі сабакамі, станцыі ратавальнікаў і міліцыянераў, аварыйна-газавай службы і медыкаў, пляцоўкі культработнікаў. Удзельнікі гульні і госці тэарэтычна і практычна знаёмяцца з асноўнымі правіламі бяспекі жыццядзейнасці і адначасова атрымліваюць асалоду ад музычных нумароў культурнай праграмы.

Школьнікі змаглі прымерыць ролі пажарных і міліцыянераў, пасядзець за рулём спецыялізаваных аўтамабіляў, прайсці дымакамеру, прадэманстраваць свае мастацкія таленты і фізічную падрыхтоўку, пазнаёміцца з працай кінолагаў і іх падапечных, выратаваць умоўнага пацярпелага на вадзе, а таксама стаць сведкамі воднага шоу, падрыхтаванага раённымі ратавальнікамі. Разнастайнай была і праграма забаўляльных мерапрыемстваў для бацькоў і дзяцей.

Непрыкметна праляцеў час квэст-гульні і надышоў момант падводзіць вынікі.

Так, за актыўны ўдзел у мерапрыемстве "За бяспеку разам" былі адзначаны каманды "Вясёлыя хлопцы" (Брадзецкая школа), "Дружба" (Дзмітравіцкая школа), "Патрыёт" (Паплаўская школа), "Пунсовыя ветразі" (СШ № 2 горада Беразіно), "Непаседа" (пачатковая школа № 1 горада Беразіно), "Актывіст" (Пагосцкая школа).

Граматамі ўпраўлення адукацыі, спорту і турызму Бярэзінскага райвыканкама ўзнагароджаны каманды "Пунсовыя ветразі", "Дружба" і "Непаседы". Такім чынам, трэцяе месца журы прысудзіла вучням другой гарадской школы. На другой прыступцы замацаваліся дзмітравіцкія школьнікі. І лідарамі спаборніцтва прызнаны самыя маленькія ўдзельнікі квэст-гульні - выхаванцы пачатковай школы № 1 горада.

Чытаць 73 разоў

Інфармацыйныя рэсурсы