Адрас:

223311, Мінская вобл., г.Беразіно, вул. Кастрычніцкая, 18

Тэлефон:

+375 (1715) 5-58-41

Рэжым работы:

панядзелак-пятніца з 8.00 да 17.00, абед з 13.00 да 14.00

Ушанская сельская интегрированная библиотека

 clip image002 0134

УШАНСКАЯ СЕЛЬСКАЯ БІБЛІЯТЭКА паводле ўспамінаў старажылаў вёскі Уша была заснавана пасля вайны, называлася хатай-clip image002 0318чытальняй і знаходзілася ў адным будынку з мясцовым сельскім Саветам ў былым панскім доме Равы. Загадвала хатай-чытальняй мясцовая жыхарка Мілько Марыя Сямёнаўна, 1924 года нараджэння. Некалькі дзесяткаў, ці соцен кніг, газет і часопісаў спачатку ляжалі ў кабінцы, прыладжанай для галасавання пад час чарговых выбараў, а пасля былі размешчаны ў прыстасаваныя шафы. Мясцовае насельніцтва не толькі брала кнігі, знаёмілася з газетамі і часопісамі, а прыходзіла паслухаць радыё, якое на той час было толькі ў хаце-чытальні. Моладзь збіралася на вячоркі, праводзіла свой вячэрні вольны час. Марыя Сямёнаўна няўзабаве паступіла на курсы настаўнікаў пачатковых класаў і пасля іх заканчэння стала працаваць у школе.

clip image002 0319У пачатку 60-ых гадоў сіламі вясковай моладзі быў пабудаваны Ушанскі сельскі клуб, у якім пачалі дэманстраваць адразу нямое, а потым агучанае кіно. Кнігі з хаты-чытальні былі перададзены ў клуб і захоўваліся ў шафах без ніякай класіфікацыі. У асноўным гэта была мастацкая літаратура з нязначнай часткай галіновай літаратуры. Прыклубная бібліятэка атрымлівала па падпісцы і перыядычныя выданні. Папулярнасцю карысталіся шашкі і даміно. Загадваў установай культуры ў той час малады вясковы хлопец Віктар Ігнатавіч Драздоўскі. Перад прызывам на службу ў рады Чырвонай Арміі, ён перадаў справы Корсак Марыі Клімаўне, 1922 года нараджэння, жыхарцы вёскі Новая Машчаніца. Марыя Клімаўна была надзвычай актыўным чалавекам. Яна паспявала весці гурток мастацкай самадзейнасці, выязджаць з канцэртамі ў суседнія вёскі, не ленавалася праводзіць у клубе гульні з моладдзю. Акрамя таго, жанчына славілася як прапагандыст літаратуры, бо сама шмат чытала і была добрым знаўцам кніг.

У верасні 1966 года па рашэнню выканкама сельскага Савета з прыклубнай бібліятэкі была створана Ушанская сельская бібліятэка. Загадчыцай установы быў прызначаны адукаваны спецыяліст з сярэдняй адукацыяй Завадская Фаіна Мікалаеўна, якая працавала на займаемай пасадзе 34 гады. На перыяд дэкрэтнага адпачынку яе замяняла Корсак Марыя Клімаўна (01.03.1981 – 23.10.1983гг.). На той час бібліятэка налічвала крыху больш за тысячу кніг. Яны размяшчаліся ў шафах без ніякай сістэмы, і таму наёпершай справай бібліятэкара было разабраць кнігі па аддзелах, апісаць іх на карткі, стварыць даведачны апарат, завесці інвентарныя кнігі.

У 1967 годзе бібліятэка была пераселена ў невялічкі пакойчык плошчай 12 кв. м. з адным вакном памяшкання сельскага Савета. Палову памяшкання, дзе знаходзілася бібліятэка, займала кантора мясцовай гаспадаркі. Так па-суседску і працавалі. Ацяплялася памяшканне бібліятэкі з дапамогай печкі-стаяка. У гэтым жа годзе ў бібліятэку былі набыты першыя аднастароннія стэлажы: 2 драўляныя, пазней 2 жалезныя. Стала лягчэй працаваць, з'явілася магчымасць аформіць кніжную выставу. Затым прывезлі каталожныя скрынкі. У 1969 годзе адміністрацыйны цэнтр гаспадаркі перанеслі ў вёску Котава, і бібліятэка стала займаць усю плошчу памяшкання. Вось тады стала больш вальней. Сельскі Савет аддаў клубны тэлевізар “Зорька”, але працаваў ён дрэнна (захоўваецца ў бібліятэцы як рэрытэт і цяпер). Кніжны фонд з кожным годам павялічваўся, і на той час налічваў звыш 5 000 экз. Кнігі завозіліся транспартам вузла паштовай сувязі з абласнога аддзела камплектавання. Кожны завоз складаў да 200 экземпляраў. Бібліятэкар сама запісвала іх у інвентарныя кнігі, уносіла ў і каталогі. У год выпісвалася да 20 найменняў перыядычных выданняў. Пастаяннымі чытачамі значылася звыш шасцісот чалавек. Каб наблізіць кнігу да чытачоў, зрабіць яе больш даступнай, былі створаны тры бібліятэкі-перасоўкі ў вёсках Восава, Старая Уша і Любач, адказнасць за якія неслі Леанід Якімовіч, Рыгор Зоскавіч і Леанід Шукан. Гэтыя юнакі самі былі вялікімі аматарамі літаратуры і стараліся прывіваць любоў да кнігі іншым. Пастаянным чытачом бібліятэкі з'яўляўся рабочы саўгаса "Уша" Іван Маркевіч, які ў недалёкім будучым праславіў сваю малую радзіму журналісткім і пісьменніцкім талентам, а бібліятэка па рашэнню № 2 Ушанскага сельскага Савета ад 18 лютага 1994 года стане насіць яго ганаровае імя і беражліва захоўвае адзіныя экземпляры выдання земляка “Васількі”, “Камандзіроўка”.

Бібліятэка годна выконвала місію галоўнага правадніка ідэй партыі і ўрада ў народныя масы. Актывізавалася работа бібліятэкі да векавога юбілею з дня нараджэння У.І. Леніна. Былі аформлены стэнды для дарослых і дзяцей, складаліся рэкамендацыйныя спісы, праводзіліся масавыя мерапрыемствы, наладжваліся гучныя чытанні сярод вучняў мясцовай школы.

У бібліятэцы быў створаны куток перадавога вопыту, дзе была прадстаўлена сельскагаспадарчая літаратура, аб перадавіках і наватарах сельскагаспадарчай вытворчасці, аб вопыце іх работы. Бібліятэка была пярвейшым прапагандзістам перадавога сельскагаспадарчага вопыту сярод спецыялістаў мясцовай сельскагаспадарчай вытворчасці – саўгаса “Уша”.

У 1976 годзе ў сувязі з цэнтралізаваным уключэннем бібліятэкі ў склад раённай сістэмы значна палепшыліся ўмовы яе работы. Бібліятэка папоўнілася новым абсталяваннем: набыта кафедра выдачы, часопісныя столікі, банкеткі. Кнігі дастаўляліся з Бярэзінскай цэнтральнай бібліятэкі ўжо апрацаваныя. Аказвалася кваліфікаваная метадычная дапамога, наладжваўся абмен вопытам работы. Па выніках 1977 года ў бібліятэцы налічвалася 8 200 экземпляраў рознагаліновай літаратуры. Наладжанае цеснае супрацоўніцтва з адміністрацыяй сельскага Савета, настаўніцкім калектывам мясцовай школы, супрацоўнікамі іншых структур вёскі дазваляла весці індывідуальную і калектыўную інфармацыю аб навінках літаратуры, як мастацкай, так і ў дапамогу спецыялістам, у правядзенні масава-прапагандыскай работы. У бібліятэцы пастаянна афармляліся выставы, тэматычныя паліцы, стэнды на актуальныя тэмы таго часу. Бібліятэка карысталася запытам у вяскоўцаў. За 1980 год бібліятэку наведалі 6 242 разы 716 чытачоў, якім было выдана 14 128 экземпляраў рознагаліновай літаратуры.

Ішоў час. Становішча бібліятэкі пагаршалася: памяшканне патрабавала рамонту, слаба папаўняўся кніжны фонд, што, адпаведна, выклікала значнае зніжэнне колькасці чытачоў. Каб прыцягнуць мясцовае насельніцтва да чытання бібліятэчнай кнігі ў бібліятэцы наладжваліся Дні адчыненых дзвярэй “Кніга адкрывае свет”. Праз рэкламнік “Самы, самы” вялася прапаганда лепшых чытачоў і чытацкіх сем'яў бібліятэкі. Юным наведвальнікам прысвойваўся тытул “Бібліятэчны грамацей”. Аформленая выстава “Кніга лечыць” прадстаўляла рубрыкі “Сам сабе доктар”, “Прымяненне лекавых раслін у медыцыне”. Праводзіліся гадзіны інфармацыі па перыядычных выданнях “Сёння ў друку”, “Часопіс раіць”, “Газета для вас”, “А вы чыталі?” і іншыя. Большасць мерапрыемстваў праводзілася ў школе з дапамогай настаўнікаў. У сваю чаргу бібліятэка інфармавала педкалектыў аб паступленні новай літаратуры і дапаможных матэрыялаў у дапамогу школьным прадметам і выхаванню падрастаючага пакалення. З ліку школьнікаў на базе бібліятэкі ў 1989 годзе пачаў працаваць лялечны гурток “Пятрушка”, у рэпертуары якога значыліся лялечныя спектаклі “Калабок”, “Лісіца-хітрыца”, “Заяц-агароднік”, “Маша і мядзведзь” і іншыя. У 1990 годзе бібліятэку перасялілі ў старое памяшканне школы, а былы будынак аддалі пад кватэры работнікам калгаса. У зімовы перыяд у гэтым памяшканні было вельмі халодна, не ўратоўвалі нават печкі. Па выніках 1995 года ў бібліятэцы чытала толькі 300 чытачоў, з іх 119 дзяцей школьнага ўзросту. Кнігавыдача склала 4 413 экземпляраў, з іх 68 % кніг, хаця і перыядычныя выданні карысталіся запытам. За год паступіла толькі 35 кніг. Кніжны фонд налічваў 6 443 экземпляры друкаваных выданняў. У 1996 годзе камплект лялек перададзены ў школу, гурток “Пятрушка” працягнуў існаванне ўжо ў школьнай ўстанове, яго кіроўніком стала важатая Цюхай А.М.

Асноўныя накірункі дзейнасці прадугледжвалі садружнасць са школай па прапагандзе літаратуры беларускіх аўтараў і краязнаўчых матэрыялаў, назапашаных у ходзе пошукавых аперацый “Быць гісторыкам сваёго краю”. Праз краязнаўчыя гадзіны “Вёска ў гады Вялікай Айчыннай вайны”, “Вёска, якой няма на карце Бярэзіншчыны (знікшая в. Пісюта)”, “Вось якія мы” (па кнізе рэкордаў Гінеса вёскі Уша), “Вёска мая, я – часцінка твая: людзі і справы ушанскай зямлі”, “Нарадзіліся ў нашай вёсцы: вядомыя за яе межамі: пісьменнік І. Маркевіч, мастак В. Ваньковіч”, “Паплечнік А. Міцкевіча – В. Ваньковіч”, “Трагічны лёс, гучная песня” (кампазітар М. Равенскі, ураджэнец в. Капланцы) і іншыя вучням школы даведваліся аб гісторыі свайго краю і людзях, якія яго праслаўлялі.

У 1998 годзе, дзякаючы намаганням раённага кіраўніцтва аддзела культуры, бібліятэку перасяляюць у вялікі пакой на першым паверсе двухпавярховага будынка Ушанскага сельскага Савета. Сіламі бібліятэкара быў зроблены рамонт: пафарбаваны вокнавыя рамы і падлога, пабелена столь і паклеены шпалеры. Памашканне атрымала спрыяльныя ўмовы для размяшчэння кніжнага фонда і афармлення выстаў. Пастаянную прапіску атрымалі экскурсіі ў бібліятэку вучняў малодшых класаў, Дні казак па творах вядомых казачнікаў.

Асноўная праблема ў рабоце канца 90-ых гадоў – фінансавая: няма новых паступленняў, скарацілася падпіска на перыядычныя выданні. Таму асаблівая ўвага надавалася прапагандзе беларускай літаратуры. Кожны чацвер тыдня праводзіліся Дні беларускай літаратуры, у рамках якіх ладзіліся літаратурныя і паэтычныя гадзіны, гутаркі, інфарміны па творах, якія друкаваліся на старонках часопісаў “Полымя”, “Маладосць”, “Неман”.

У сакавіку 2000 года ў сувязі з выхадам на заслужаны адпачынак Фаіна Мікалаеўна Шумская перадала бібліятэку зямлячцы Клімовіч Наталлі Яўгенаўне, якая працуеі пацяперашні час. Усё сваё працоўнае жыццё Фаіна Мікалаеўна прысвяціла бібліятэчнай справе. З яе слоў, яшчэ школьніцай, яна марыла стаць бібліатэкарам, бо вельмі любіла чытаць кнігі. Калі мара яе здзейснілася, то без увагі не засталася ніводная бібліятэчная кніга – ўсе прачытваліся ад коркі да коркі. І калі прыходзілі чытачы, бібліятэкар беспамылкова ведала, што прапанаваць кожнаму, зыходзячы з чытацкіх густаў: каму прыгоды, каму паэзію а каму класіку. У бібліатэцы заўсёды было ўтульна па-дамашняму. Яна заўсёды нешта пісала, малявала, афармляла, аб чым сведчыць архіў са шматлікіх альбомаў, папак і іншых матэрыялаў. Частымі наведвальнікамі былі школьнікі. Нават цяперашні бібліатэкар, Клімовіч Наталля, у бытнасць навучання ў школе, з першага класу штодня бегала да “цёці Фені” пагартаць кніжкі або проста пагутарыць, бо яна валодала здольнасцю выслухаць, пажартаваць ці што-небудзь расказаць малым. З Фаінай Мікалаеўнай школьнікі рыхтавалі канцэрты, з якімі пасля ездзілі на “гастролі” па фермах, па брыгадах калгаса, выступалі ў сваёй школе. Вясковым гледачам вельмі падабаліся гэтыя выступленні бібліятэчных артыстаў. Цяпер, будучы на пенсіі, Фаіна Мікалаеўна ніколі не абыходзіць бібліятэку. Заўсёды зойдзе і пацікавіцца справамі, калі што трэба – падкажа, параіць, як лепей зрабіць. Яна ніколі не пакідае без увагі ніводную новую кніжку. Вось такая гэта жанчына – сапраўдны бібліатэкар, адданая сваёй справе на ўсё жыццё. Яе не аднойчы ўзнагароджвалі Ганаровымі граматамі, падзячнымі лістамі і грашовымі прэміямі за добрсумленную працу. Не адзін созыў Фаіна Мікалаеўна была дэпутатм сельскага Савета. Пад час афганскай вайны страціла сына Уладзіміра, які пасмяротна ўзнагароджаны і занесены ў рэспубліканскую кнігу “Памяць”, яго імя носіць вуліца горада Беразіно.

Наталля Яўгенаўна Клімовіч дастойна працягвае традыцыі калегі. Дэталёва прадумана расстаноўка кніжнага фонду, афармленне памяшкання; прыцягваюць увагу наведвальнікаў розныя формы нагляднасці. Радуе вока чытачоў і мноства пакаёвых кветак. Атмасфера ўтульнасці і камфорту прыцягвае наведвальнікаў.

Ушанская сельская бібліятэка забяспечвае абслугоўванне 13 населеных пунктаў: Беліца, Грады, Дзямешкава, Замак, Калюжыца, Любач, Мурава, Новая Машчаніца, Восава, Сялянка, Снуя, Старая Машчаніца, Уша, у якіх па выніках 2002 года пражывала 701 чалавек. 351 жыхар быў карыстальнікам бібліятэкі. Намаганнямі бібліятэкара для жыхароў аддаленых вёсак Любач, Восава былі арганізаваны пункты выдачы кніг. Аб'екты павышанай увагі і клопату бібліятэкара - састарэлыя людзі, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, а таксама інваліды дзяцінства і інваліды І – ІІ груп, людзі з абмежаванымі магчымасцямі, якім кнігі дастаўляюцца на дом.

У 2003 годзе ў сувязі з закрыццём блізляжачай Котаўскай сельскай бібліятэкі пашырылася зона абслугоўвання Ушанскай бібліятэкі з дадатковым уключэннем 6-ці населеных пунктаў Бярозаўка, Клёнаўка, Котава, Крупа, Новая Князеўка, Старая Князеўка. Ушанская сельская бібліятэка стала адзінай культурнай установай у сельскім Савеце, у зону якой уваходзяць 19 населеных пунктаў з а гульнай колькасцю насельніцтва звыш 1 000 чалавек. На базе вёскі Котава цяпер працуе бібліятэчны пункт выдачы. Па выніках 2003 года Ушанскай бібліятэкай было абслужана 460 чытачоў, якім выдадзена 5 289 экз. кніг і іншых друкаваных выданняў. Кніжны фонд бібліятэкі налічваў 4 775 экземпляраў. Аднак гэта літаратура не карыстваецца попытам у наведвальнікаў, а новай паступае зусім мала: за 2003 год паступіла толькі 13 кніг. Таму, каб задаволіць запыты чытачоў, кнігі бяруцца ў часовае карыстанне з кнігасховішча цэнтральнай бібліятэкі. У 2006 годзе апрабіравана выдача кніг з камерцыйнага фонду на платнай аснове. На заклік акцыі “Дапамажы бібліятэцы!” адгукнуліся Аксана Юльянаўна Лютарэвіч, Наталля Іосіфаўна Паляшчук, Ала Іванаўна Бяльковіч, Марыя Сямёнаўна Мілько і інш. Сярод чытачоў бібліятэкі ёсць і такія, што прапануюць свае кнігі ў часовае карыстанне. Гэта Жанна Іванаўна Лук'янчык. А гэта лепшы доказ таго, што традыцыі мясцовых работнікаў культуры па далучэнню да друкаванага слова не забыты і знаходзяцца ў надзейных руках.

clip image002 0131

Бібліятэка спецыялізуецца як літаратурная школа выхавання, і сваёй галоўнай задачай Наталля Яўгенаўна лічыць прапаганду лепшых беларускіх твораў. Бібліятэка носіць імя паэта-земляка, ураджэнца вёскі Восава Івана Маркевіча. З 2004 года пры ўстанове дзейнічае літаратурна-выхаваўчы клуб “Кнігавічок”, мэта якога – прывіць дзецям любоў да Бацькаўшчыны, да роднай мовы і літаратуры, садзейнічаць пашырэнню, паглыбленню і замацаванню ведаў, набытых у школе. На рахунку “Кнігавічка” шмат цікавых мерапрыемстваў, на якіх вучні мясцовай школы знаёмяцца не толькі з творамі вядомых беларускіх пісьменнікаў, але і з творчасцю пачынаючых літаратараў Бярэзіншчыны. Практыкуюцца наглядна-эмацыянальныя формы папулярызацыі актуальных беларускіх твораў. У форме трыбуны адкрытага пісьма цыкла “Лісты да бацькоў” вялася прапаганда твораў У. Ліпскага “Бацька”, З. Пагодзіча “Кукавала зязюля”, практыкаваліся прэзентацыі кніг “Пісьменнікі раяць прачытаць”, “Любімыя героі беларускіх знакамітасцяў”, “Любімая кніга беларускіх пісьменнікаў, да Года бульбы – твора І. Навуменкі “Бульбе не дамо загінуць” з прэзентацыяй зборніка “Анталогія беларускай пародыі”. Праводзіліся літаратурныя і літаратурна-краязнаўчыя гадзіны “Выпрабаванне на даросласць: падлеткавыя праблемы ў творах Я. Хвалея”, “На перавале стагоддзя з Уладзімірам Карпавым”, “Вогненыя дарогі Афганістана” па твору А. Федарэнкі “Афганская шкатулка”, “Па старонках кніг Тараса Хадкевіча”, “Душа і сэрца - дзецям” (П. Рунец), “Сын зямлі Бярэзінскай” (Р. Няхай), “Сімвал краю – васілёк” (І. Маркевіч) , “Адам Міцкевіч на палотнах земляка-мастака В. Ваньковіча”, “Зямлячка зорнага таленту – Галіна Драздоўская” і іншыя. З нагоды аб'яўлення 2007 года Годам Я. Купалы і Я. Коласа праведзены літаратурныя кампазіцыі “Пясняр народных дум – Я. Купала”, “Як песня народа – неўміручы наш Колас” і іншыя. У рамках штогадовага Тыдня дзіцячай і юнацкай кнігі наладжваліся літаратурныя святы і ранішнікі. Цеснае супрацоўніцтва са школай дапамагае ў арганізацыі сумесных цікавых мерапрыемстваў: ранішнікаў, вечарын, урокаў мужнасці, дабрыні, міласэрнасці, літаратурных і краязнаўчых гадзін. Добрай традыцыяй стала адзначаць юбілеі беларускіх пісьменнікаў, правядзенне месячнікаў і тыдняў, спецыялізаваных дзён паглыбленай прапаганды літаратуры – мастацкіх твораў у рамках беларускіх чацвяргоў пад дэвізам “Чытайце беларускае!”.

Рэклама і прапаганда лепшых літаратурных твораў прысутнічае ва ўсіх масавых мерапрыемствах бібліятэкі, ва ўсёй сістэме бібліятэчных выстаў, у афармленні якіх удала выкарыстана спалучэнне выяўленча-мастацкага і камп'тэрнага афармлення. Назапашаны за гады дзейнасці бібліятэкі краязнаўчы матэрыял арыгінальна і адметна прадстаўлены на выставе “Мой край – зямля Ушанская Бярэзіншчыны любай”. Цікавіць матэрыяламі пра сусветныя беларускія рэкорды, пра беларусаў, якія праславілі краіну ў свеце, пра старажытныя беларускія гарады выстава “Жыву ў Беларусі - і тым ганаруся!”. Выстава кантрастаў і супрацьпастаўленняў “Прырода велічная і безабаронная” нагадвае пра экалагічную праблему ў двухварыянтным аспекце. Тут удала пададзены літаратурныя мастацкія творы пісьменнікаў-песняроў прыроды В. Карамазава і В. Казько, трывожныя праблемныя творы постчарнобыльскага часу. Выстава “Сям'я – вянец чалавечага грамадства” неардынарна паказвае спрадвечную тэму бацькоў і дзяцей, сямейных традыцый у выбары прафесіі і фарміраванні паводзін маладых, свет сямейных захапленняў. Не мае аналагаў у бібліятэчнай практыцы і выстава “Чорнае на светлым”, дзе шкодныя звычкі прадстаўлены чорнай небяспечнай плямай на твары грамадства. Маштабы наступстваў п'янства ў сям'і, наркаманіі ў маладзежным асяроддзі, СНІД-рызыкі ў сферы пачуццяў, тытунёвай моды ў грамадстве выступаюць на выставе ярка і лаканічна – формай плаката “Праблема літаратурным пункцірам – мовай шок-статыстыкі”. Рэкамендуецца ўзорная беларуская літаратура, якой ёсць чым здзівіць свет у асяроддзі імён т твораў лаўрэатаў міжнародных і дзяржаўных літаратурных прэмій, класікаў і першапачынальнікаў літаратурных жанраў на выставе “Літаратурнае суквецце Беларусі”. Дзіцячы куток – прыклад інфармацыйна-рэкламнага прадстаўлення лепшых кніг для дзяцей і падлеткаў, асабліва казак – спадарожнікаў дзяцінства ўсіх часоў.

clip image002 0320Навацыяй 2007 года стала экспазіцыя “Нашы славутыя землякі”, дзе на асобных стэлажах прадстаўлены стэнды з партрэтамі і візітнымі карткамі вядомых землякоў, інфармдаведнікі, папкі і альбомы з сабранымі матэрыяламі аб іх жыцці і творчасці, фотаздымкі. Гэта паэт-журналіст, чыё імя носіць бібліятэка – Іван Маркевіч, пісьменнік ХІХ стагоддзя Мельхіёр Ваньковіч, мастак ХІХ стагоддзя Валенцій Ваньковіч. Матэрыялы аб жыцці і дзейнасці слыннага земляка па-мастацку дапоўнены міні- вернісажам “В. Ваньковіч: запаветнае”, дзе прадстаўлены фотарэпрадукцыі фотаздымкаў карцін земляка-жывапісца сусветнага маштабу з фондаў прыватных і дзяржаўных музеяў Еўропы, Расіі, Літвы. Асобае месца ў экспазіцыі прысвячаецца члену Саюза мастакоў Яўгену Іванавічу Ціханаву, які кожнае лета наведваецца на ушанскую зямлю, і яго бацьку - заслужанаму дзеячу мастацтваў Беларусі Івану Ціханавічу, які тут жыў. Цікавасць наведвальнікаў выклікаюць візітныя карткі з партрэтамі таленавітых людзей ушанскай зямлі, якія праслаўляюць яе ў цяперашні час. Сярод іх Уладзімір Паўлавіч Маркевіч – кандыдат фізіка-матэматычных навук, паэтка-аматарка Галіна Драздоўская, няштатны карэспандэнт раённай газеты Міхаіл Башарымаў. Не забыліся ўзгадаць пра Уладзіміра Шумскага, які загінуў пры выкананні службовага абавязку ў Афганістане: матэрыялы пра яго прадстаўлены на стэндзе памяці “Апалены смерчам Афганістана”. Гэта фотаздымкі, ваенны білет, узнагароды, лісты да маці і іншыя рэліквіі сям'і Шумскіх.

 

 

 

clip image002 0136

Ушанскай сельскай бібліятэцы больш за паўвека. За гэтыя гады многае змянілася ў арганізацыі абслугоўвання чытачоў, у формах папаўнення фонду. Аднак нязменнай засталася любоў і павага чытачоў да кнігі і бібліятэкараў, якія прывучылі іх цаніць і шанаваць друкаванае слова. Пазітыўны імідж сельскай бібліятэкі працяглы час ствараўся, дзякуючы людзям, якія тут працавалі і працуюць. Наталля Яўгенаўна Клімовіч здолела замацаваць імідж сваёй установы як цэнтра літаратурнага выхавання, наладзіла адмысловую сістэму абслугоўвання навучэнцаў мясцовай школы, дэталёва прадумала інтэр'ер функцыянальных зон, выпрацавала формы творчых зносін з настаўнікамі, разнастаіла элементы літаратурна-выхаваўчай работы. Пэўны час пры бібліятэцы працуе клуб “Кнігавічок”, дзе збіраюцца актыўныя памочнікі бібліятэкара. Па выніках раённага агляду-конкурсу 2006 года “Мая бібліятэка” Ушанская бібліятэка па праву заняла заслужанае месца ў намінацыі “Бібліятэка літаратурнага выхавання”. Бібліятэка стала пераможцай і раённага агляду-конкурсу – 2007 “Масавае мерапрыемства – візітная картка бібліятэкі” у намінацыі “Лепшая мерапрыемства па рэкламе кнігі бібліятэкі” адзначана ў рэйтынг-аглядзе-2007 “Новы твар бібліятэкі”. 13 снежня 2007 года Ушанская бібліятэка гасцінна вітала з творчай справаздачай калег па рабоце Бярэзінскай ЦБС на занятках выязной школы прафмайстэрства “Спецыялізацыя ў рабоце – аснова станоўчага іміджу бібліятэкі”. У 2008 годзе бібліятэка стала базай правядзення міжрэгіянальных творчых сустрэч бярэзінскіх бібліятэчных работнікаў у рамках узаеманаведванняў “Бібліятэчны прагрэс – у садружнасці ЦБС” з калегамі Чэрвеньскай ЦБС Мінскай вобласці.

Вопыт работы Ушанскай бібліятэкі шырока асвятляўся на старонках раённага, абласнога і рэспубліканскага друку.

У 2009 годзе Ушанская бібліятэка мадэфікавана ў бібліятэку аграгарадка, што спрыяла паляпшэнню матэрыяльна-тэхнічнай базы. Бібліятэка перамясцілася на другі паверх сельскага Савета і займае прасторны пакой, у якім зроблены капітальны рамонт з выкарыстаннем новых будаўнічых тэхналогій. Кніжны фонд налічвае звыш 6 000 экземпляраў друкаваных выданняў. Штогод да паслуг бібліятэкі звяртаецца каля 350 чытачоў, выдаецца звыш 5 000 экземляраў розных выданняў. Набыццё ў 2011 годзе камп'ютэра, прынтара, выхад у інтэрнэт дазволілі стварыць камфортныя ўмовы для карыстальнікаў бібліятэкі і разнастаіць сэрвіс платных паслуг.

У 2014 годзе па рашэнню Бярэзінскага раённага выканаўчага камітэта ад 30.10.2014г. № 1771 Ушанская сельская бібліятэка інтэгравана са школьнай бібліятэкай ДУА “Ушанскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа” у Ушанскую сельскую інтэграваную бібліятэку.

Чытаць 2610 разоў Апошняя змена 12.11.18

Інфармацыйныя рэсурсы