Адна з версій трагедыі – свавольства дзіцяці з агнем. На момант узгарання хлопчык знаходзіўся без нагляду дарослых. Крыху раней, 26 ліпеня, усю краіну абляцела страшная навіна – на пажары ў Мінскім раёне загінулі двое дзяцей, брацік і сястрычка. Ім было чатыры і сем гадкоў. Бацька, які сышоў на рыбалку і зачыніў дзетак у комнаце, і ў страшным сне не змог бы ўявіць, што бачыць іх апошні раз… Разглядаюцца дзве версіі гэтага пажара – кароткае замыканне электраправодкі і свавольства дзяцей з агнем. На 14 верасня ў нашай краіне ўжо загінула на пажарах васьмера дзяцей, за аналагічны перыяд мінулага года – чатыры.
У чарговы раз бярэзінскія ратавальнікі нагадваюць дарослым і дзецям пра бяспеку, што нясе агонь, падчас рэспубліканскай акцыі “У цэнтры ўвагі – дзеці!” У школах пажарныя праводзяць урокі бяспекі, прыярытэт аддаецца рабоце з вучнямі малодшых і сярэдніх класаў. З наступнага тыдня пачнуцца ўрокі бяспекі ў дашкольных установах адукацыі. З бацькамі ратавальнікі гутараць на сходах у школах, збіраюць для гутарак і педагагічныя калектывы. У кожнай школе ўжо прайшлі вучэбныя эвакуацыі. Падчас мерапрыемстваў ратавальнікі вучаць дзяцей прадугледжваць вынік сваіх гульняў і правільна дзейнічаць пры надзвычайнай сітуацыі. Дарослым жа нагадваюць ніколі не пакідаць дзяцей дашкольнага ўзросту без нагляду, схаваць з поля зроку цікаўнага дзіцяці ўсе небяспечныя рэчы ў доме – запалкі, лекі, вострыя прадметы, мелкія манеты і іншае. Абыякавасць да элементарных мераў бяспекі, упэўненасць “са мною такога не здарыцца!”, стаўленне ўласных інтарэсаў вышэй за пытанні бяспекі дзіцяці рана ці позна прывядзе да бяды. “Беражыце сябе!” – такімі словамі заканчваюць пажарныя кожнае свае выступленне. Прыслухайцеся! Жадаем вам ніколі не прасіць дапамогі па тэлефоне 101.
Вольга Данэйка, інспектар прапаганды Бярэзінскага РАНС