Адрес:

223311, Минская обл., г. Березино, ул. Октябрьская, 18

Телефон:

+375 (1715) 5-10-01

Режим работы:

понедельник-пятница с 8.00 до 17.00, обед с 13.00 до 14.00

Поплавская сельская интегрированная библиотека

Паплаўская сельская бібліятэка заснавана прыкладна у 30-ых гадах ХІХ стагоддзя як хата-чытальня (дакладных звестак не захавалася). У пасляваенны перыяд хата-чытальня размяшчалася ў невялічкім пакойчыку адміністрацыйнага цэнтра мясцовай гаспадаркі. Загадваў хатай-чытальняй мясцовы жыхар Васіль Цімафеевіч Яфрэмаў. Кніжны фонд налічваў каля 200 экземпляраў і размяшчаўся ў прыстасавай шафе. З году ў год паляпшалася жыццё людзей, разам з развіццём сельскай гаспадаркі ў вёсцы развівалася і культура . Пачалося будаўніцтва сельскага клуба, які быў урачыста адкрыты ў 1957 годзе. Авось хата-чытальня была пераселена ў новы будынак яшчэ ў 1956 годзе - за год да адкрыцця клубнай установы, бо пакой, адведзены пад бібліятэку, быў здадзены раней. У фондзе на той час налічвалася крыху больш тысячы кніг. 16 ліпеня 1957 года загадчыцай Паплаўскай бібліятэкі была прызначана выпускніца Мінскага бібліятэчнага тэхнікума Цяленчанка Ірына Васільеўна, якая працавала на дадзенай пасадзе 45 гадоў. У памяшканні бібліятэкі заўсёды было чыста і ўтульна, вакол – кветкі. Да знамянальных і памятных падзей і дат чырвонага каляндара арганізоўваліся выстаўкі і прагляды кніг. Той, хто пераступаў парог бібліятэкі, не выходзіў адсюль без кнігі, таму што Ірына Васільеўна настолькі вывучыла чытачоў, што дасканала ведала, чым той ці іншы чалавек захапляецца, што яго цікавіць, якія творы яму па душы. Але не толькі кнігавыдачай займалася Цяленчынка Ірына Васільеўна, яна праводзіла з чытачамі вялікую масава-палітычную і асветніцкую работу. Часта ладзіліся гутаркі з моладдзю на розныя тэмы, агляды кніг высокіх мастаціх якасцяў. Каштоўнай рысай для Ірыны Васільеўны з'яўлялася тое, што ў сваёй рабоце заўжды яна абапіралася на шырокі чытацкі актыў. Усе масавыя мерапрыемствы праводзіліся у цесным кантакце з мясцовай дзесяцігодкай і сельскім клубам. У 1969 годзе сумеснымі намаганнямі быў наладжаны агеньчык ваенна-патрыятычнай тэматыкі, выступалі землякі - ўдзельнікі штурма Берліна і абароны Ленінграда.

 

На працягу 60-ых гадоў Цяленчыка І.В. сваёй самаадданай працай вывела бібліятэку ў разрад лепшай культасветустановы раёна. І не выпадкова, што многія навічкі сельскіх устаноў культуры вучыліся ў Ірыны Васільеўны. У 1969 годзе Паплаўскую сельскую бібліятэку наведалі ўдзельнікі міжрэгіянальнага семінара – бібліятэчныя работнікі Бярэзінскага і Бялыніцкага раёнаў. Вопыт паплаўскага бібліятэкара потым многія ўкаранілі ў практыку сваёй работы.

Бібліятэка заўжды была флагманам у прапагандзе ідэй устаноў партыйна-ідэалагічнага авангарда краіны. Да 100-гадовага ленінскага юбілею Ірына Васільеўна шырока прапагандавала чытачам творы Леніна і кнігі аб правадыру, брала абавязацельствы “Кнігі Леніна – у кожны дом”, давесці кнігу да 80 % пісьменных жыхароў сельскага Савета і на 100% працэнтаў да навучэнцаў. Абавязацельствы з гонарам былі выкананы. На канец 1970 года ў бібліятэцы чытала 650 чалавек. За свою працу ў бібліятэцы Ірына Васільеўна набыла вялікі вопыт абслугоўвання кнігай працаўнікоў вёскі і школьнікаў. Яна добра ведала густы пераважнай большасці сваіх чытачоў і старалася пры папаўненні кніжнага фонду набыць такую літаратуру, якая карысталася попытам у чытача. Увесь кніжны фонд колькасць звыш 10 тысяч тамоў быў расстаўлены строга па раздзелах. З мэтай давядзення кнігі да шырокага кола чытачоў, загадчыцай бібліятэкі былі арганізаваны ў аддаленых ад цэнтра вёсках Баркі, Неганічы, Чырвоны Бераг і Гута бібліятэкі-перасоўкі, абмен кніг у якіх праводзіўся кожны тыдзень па чацвяргах. З павагай адносіліся жыхары вёсак Паплаўскага сельскага Савета да свайго бібліятэкара. Сціплая, працавітая, ветлівая з усімі, Ірына Васільеўна ўсе свае веды, увесь свой накоплены вопыт аддавала абслугоўванню чытачоў, праводзіла вялікую масава-палітычную і культурнаасветніцкую работу сярод насельніцтва, спрыяла ўкараненню новых сельскагаспадарчых тэхналогій мясцовай гаспадаркі. Паплаўская бібліятэка стала сапраўдным цэнтрам культурна-масавай работы ў вёсцы. У 1972 годзе ёй прысвоена званне "Бібліятэка выдатнай работы". Тут сістэматычна арганізоўваліся масавыя мерапрыемствы: лекцыі і даклады, гутаркі, дыспуты, народныя чытанні, тэматычныя вечары, сустрэчы з перадавікамі сельскагаспадарчай вытворчасці, з аўтарамі вядомых мастацкіх твораў.

Бібліятэка размяшчалася на цэнтральнай сядзібе мясцовай гаспадаркі – саўгаса “Паплавы”, што таксама станоўча ўплывала на дыфэрэнцыраванасць і адраснасць бібліятэчнай работы з вясковымі спецыялістамі рознага профілю, з людзьмі масавых прафесій. У зоне абслугоўвання бібліятэкі – пяць паляводчых брыгад, чатыры жывёлагадоўчыя фермы, майстэрня, сярэдняя школа, чатыры гандлёвыя прадпрыемствы, аддзяленне сувязі і комплексна-прыёмны пункт раённага камбіната бытавога абслугоўвання. На кніжных паліцах бібліятэкі – звыш 11 тысяч экзэмпляраў палітычнай, мастацкай сельскагаспадарчай, тэхнічнай і іншай літаратуры. Яе паслугамі карысталася звыш 500 чалавек. Гэта 76 працэнтаў усяго дарослага насельніцтва зоны абслугоўвання. Кнігавыдача за 9 месяцаў 1976 года дасягнула 6 500 экземпляраў. Задачай бібліятэкара было давядзенне кнігі да кожнага пісьменнага чалавека. З гэтай мэтай у аддаленых населеных пунктах падаўжалі сваю дзейнасць бібліятэчныя перасоўкі на грамадскіх пачатках: у вёсцы Гута адказнай была вучаніца Паплаўскай школы Галіна Пракаповіч, у Неганічах – рабочая саўгаса Алена Шашко.

У канцы 70-ых – пачатку 80-ых гадоў у русле палажэнняў ХХУ з'езда КПСС аб комплексным падыходзе да ідэйна-выхаваўчай работы, узаемасувязі маральнага і працоўнага выхавання вялікае значэнне надавалася камплектаванню і прапагандзе палітычна-асветніцкай кнігі. Цэнтральнае месца займала прапаганда палітыкі Камуністычнай партыі і Савецкай дзяржавы. На самым бачным месцы ў бібліятэцы – пастаянна дзеючая кніжная выстава, прысвечаная рашэнням ХХУ з'езда КПСС, прадстаўленая ў трох раздзелах: першы - “КПСС – баявы авангард савецкага народа”, другі – “Дзесятая пяцігодка – пяцігодка якасці!”, трэці раздзел “Развіццё сельскай гаспадаркі – справа ўсяго народа”. Рознагаліновая літаратура, багаты матэрыял з перыядычных выданняў быў прадстаўлены ў кутку “У дапамогу тым, хто займаецца палітычнай самаадукацыяй”.

У практыку работы Паплаўскай бібліятэкі станоўча ўвайшлі такія формы абслугоўвання жывёлагадоўчых ферм, як Дні жывёлавода, Дні спецыяліста, Дні культуры, Дні імянінніка на ферме, ушанаванне перадавікоў сельскай гаспадаркі, свята ўраджаю. Гэтыя мерапрыемствы наладжваліся ў цеснай садружнасці з вядучымі спецыялістамі гаспадаркі, сельскім Домам культуры. Была створана сістэма масавага і індывідуальнага інфармавання спецыялістаў сельскай вытворчасці, работнікаў савецкага апарата, аснаўных калектываў гаспадаркі: школы, дзіцячага садка, рамонтных майстэрнях, жывёлагадоўчых ферм.

Асаблівая сувязь усталявалася з цэнтральнай малочнатаварнай фермай саўгаса “Паплавы”. Тут Ірына Васільеўна была частым госцем, праводзіла гутаркі, падказвала жывёлаводам неабходную літаратуру. У чырвоным кутку з дапамогай бібліятэкара была аформлена наглядная агітацыя, выпускалася насценная газета, баявыя лісткі з паведамленнем вынікаў спаборніцтва даярак за кожны месяц. Для зручнасці даярак на ферме была арганізована галіновая бібліятэчка-перасоўка ў дапамогу сельскагаспадарчай вытворчасці, дзейнасць якой забяспечвала лабарантка фермы член КПСС Таццяна Васільеўна Лапа. Таму і не дзіва, што кожны з работнікаў МТФ прачытаваў за год у сярэднім па 6 – 7 кніг па сваёй спецыяльнасці. У перыяд напружаных палявых работ Ірыну Васільеўну можна было часта ўбачыць на полі сярод механізатараў, на таку, дзе яна выступала ў якасці палітінфарматара. А то і непасрэдна ўдзельнічала ва ўборцы бульбы, ільну і іншых сельскагаспадарчых культур.

У 1986 годзе па выніках раённага агляду-конкурсу “Жывёлагадоўчым фермам і комплексам - клопат і ўвагу бібліятэк” раённай бібліятэкай быў абагульнены вопыт работы Паплаўскай бібліятэкі па абслугоўванню жывёлаводаў. Па выніках выдадзена лістоўка “Увага справай адгукнецца” і інфармацыйны бюлетэнь серыі “Паведамляем аб добрых справах нашых калег”. Паплаўская бібліятэка з'яўлялася раённай і абласной школамі перадавога вопыта па даведачна-бібліяграфічнай рабоце. Вопыт па гэтаму кірунку дзейнасці Паплаўскай бібліятэчнай установы быў абагульнены абласной бібліятэкай імя А.С. Пушкіна ў 1986 годзе ў спецыяльным зборніку дзейнасці бібліятэк Міншчыны з асвятленнем практыкі бярэзінскіх бібліятэк па даведачна-бібліяграфічным і інфармацыйным абслугоўванні спецыялістаў вядучага профілю.

Адказна, як і да асноўнай работы, ставілася Цяленчанка І.В. да дэпутацкіх абавязкаў. Неаднаразова, кожнае чарговае скліканне аднасельчане выбіралі яе сваім прадстаўніком у сельскі Савет. Ірына Васільеўна з'яўлялася сакратаром пастаяннай камісіі па народнай адукацыі, культуры, фізкультуры і спорту. Яе прапановы і заўвагі, выказаныя на сесіях, мелі дзелавы і канкрэтны характар. Дэпутат Цяленчанка прымала актыўны ўдзел у падрыхтоўцы розных пытанняў для разгляду на сесіях і на пасяджэннях сельвыканкама. Вялікую дапамогу мясцовым уладам аказвала бібліятэкар пры правядзенні перапісаў і суцэльнага ўліку насельніцтва, жывёлы і птушкі. Уважліва і па дзяржаўнаму адносілася І.В. Цяленчынка да наказаў выбаршчыкаў. Яе намаганнямі рэалізаваны наказ вяскоўцаў аб правядзенні водаправода ў вёсцы Паплавы і будаўніцтва агароджы вясковых могілак. Адным словам, і як загадчыца бібліятэкі, і як прадстаўнік дзяржаўнай улады Ірына Васільеўна Цяленчынка прымала актыўны ўдзел у шматгранным жыцці Паплаўскага сельскага Савета і роднай вёскі.

Нягледзячы на тое, што ў вёсках, якія абслугоўвала бібліятэка, колькасць насельніцтва з году ў год змяншалася, рост паказчыкаў па чытачах і кнігавыдачы быў заканамерны: павысіліся кнігаадукацыйны ўзровень і культура людзей, удасканальваліся формы і метады работы бібліятэкі. Перш чым прапанаваць той ці іншы твор, Ірына Васільеўна сама першапачаткова вывучала яго мастацка-ідэйныя якасці. Асабліва яе любілі маленькія чытачы, для якіх заўсёды была падабрана літаратура па тэмах, для якіх заўжды было запашана добрае слова і па-мацярынску ветлівая ўсмешка. Спяшаліся ў бібліятэку і студэнты-завочнікі, бо ведалі, што Ірына Васільеўна паклапоціцца і аб тым, каб пры адсутнасці тут патрэбнай літаратуры заказаць яе па ўнутрысістэмнаму ці міжбібліятэчнаму абанементу ў фондаў іншых бібліятэк раёна ці вобласці.

У 1985 годзе ў бібліятэцы быў зроблены рамонт і абноўлена абсталяванне, што дазволіла зрабіць бібліятэку яшчэ больш утульным асяродкам культуры на вёсцы. У зоне абслугоўвання – 5 населеных пунктаў: Баркі, Гута, Чырвоны бераг, Неганічы і цэнтр гаспадаркі, адна з буйнейшых вёсак раёна вёска Паплавы, у якіх пражывала звыш 1 000 жыхароў. Па выніках 1987 года кніжны фонд ў бібліятэцы налічваў 18 410 экземпляраў рознагаліновай літаратуры, перыядычных выданняў і іншых дакументаў, якімі карысталася 764 чытачы. На базе аддаленых вёсак Гута, Неганічы, Чырвоны Бераг па ранейшаму актыўнадзейнічалі бібліятэчныя пункты. Кнігавыдача за год склала 15 383 экземпляраў. Было праведзена 128 масавых мерапрыемстваў, з іх для дзяцей школьнага ўзросту – 40. Паслугамі бібліятэкі карысталася звыш 150 вучняў мясцовай школы, ім было выдадзена 4 988 экземпляраў дзіцячай літаратуры. Добра наладжана масава-прапагандысцкая работа ў бібліятэцы. З ліку дарослых арганізаваны ў 1986 годзе клуб кнігалюбаў “Кругагляд”, пасяджэнні праводзіліся штоквартальна і вызначаліся жанравай і тэматычнай разнастайнасцю. Масава-выхаваўчая работа з дзіцячым чытачом вялася сумесна з педкалектывам сярэдняй школы. Школьнікі-актывісты былі пастаяннымі наведвальнікамі прыбібліятэчнага гуртка “Кніжкіна бальніца”, у якім дзеці займаліся не толькі рамонтам кніг, а іі павышалі свій духоўны патэнцыял, праслухваючы цыклы разнастайных выхаваўчых і асветніцкіх мерапрыемстваў. У 1989 годзе пры бібліятэцы пачаў дзейнічаць лелечны гурток “Калабок”, тэатралізаваныя выступленні якога ладзіліся на базе дзіцячага садка, школы, у мясцовым Доме культуры. Лялечны тэатр Паплаўскай бібліятэкі быў пастаянным ўдзельнікам і дэпламантам раённых аглядаў-конкурсаў на лепшую пастаноўку работы лялечных гурткоў.

У пачатку 90-ых гадоў, калі ўся краіна ўзнялася на справу Адраджэння, пачалося перавядзенне нагляднасці і справаводства бярэзінскіх бібліятэк на беларускую мову, у першых радах была Паплаўская бібліятэка. Створаны пры бібліятэцы літаратурна-інфармацыйны цэнтр садзейнічаў папулярызацыі лепшых мастацкіх твораў беларускіх аўтараў. Раз у месяц практыкаваліся беларускія чацвяргі, у рамках якіх праводзіліся літаратурныя і паэтычныя гадзіны, інфарміны па творчасці пісьменнікаў і да іх юбілейных дат. Сярод іх: гадзіна шчырасці “Самая цікавая беларуская кніга, якую я прычытаў”, літаратурныя пасядзелкі “Смех на мяжы слёз” па творчасці К. Крапівы”, прэзентацыя кнігі Г. Далідовіча “Заходнікі”, абмеркаванні твораў І. Мележа, І. Шамякіна, Б. Сачынкі, А. Кудраўца і інш..

У рамках краязнаўча-пошукавых аперацый “Быць гісторыкам сваёй вёскі” павялічыўся багаж назапашаных матэрыялаў з гісторыі паплаўскіх вёсак, саўгаса, сельскага Савета і людзей зоны абслугоўвання Паплаўскай бібліятэкі і Бярэзіншчыны, збор якіх быў пачаты яшчэ ў 60-ыя гады. Матэрыял сфарміраваны па тэмах у папкі, альбомы, тэматычныя дас'е і прадстаўлены на краязнаўчай выставе “Край, у якім ты жывеш”. Асаблівую цікавасць у наведвальнікаў бібліятэкі выклікаў планшэт-візітоўка “Ён жыве сярод нас” пра вядомага земляка, пісьменніка-прыродалюба, аўтара шматлікіх літаратурна-прыродаводчых замалёвак Рыгора Ігнаценку, які настаўнічаў у мясцовай школе і быў частым госцем бібліятэкі. На сустрэчах з аднавяскоўцамі і вучнямі дзесяцігодкі, ініцыянаваных Паплаўскай бібліятэкай аўтар неаднаразова дзяліўся сваімі літаратурна-пісьменніцкімі набыткамі, зачытваў урыўкі са сваіх кніг, расказваў цікавыя гісторыі са свайго жыцця, раскрываў таямніцы прыроды роднага краю. У рамках тыдня літаратурнага краязнаўства ш ырока адзначалася ў бібліятэцы 90-годдзе земляка, пісьменніка-сатырыка Міхася Скрыпкі. Наведвальнікам прапанаваліся яго творы, якія ён з аўтографамі на памяць аставіў пры наведванні бібліятэкі ў 1982 годзе. Былі аб'яўлены конкурсы на лепшага чытальніка твораў вядомага сатырыка, на лепшы малюнак па сюжэтах яго вершаў. Кожную суботу у бібліятэцы практыкаваліся краязнаўчыя дні, у рамках якіх праводзіліся цікавыя мерапрыемствы з запрашэннем аднавяскоўцаў – знаўцаў мясцовага побыту, вясковых умельцаў, удзельнікаў значных гістарычных падзей, творчыя краязнаўчыя справаздачы перад насельніцтвам з прэзентацыяй новых матэрыялаў.

У 1997 годзе пры бібліятэцы пачынае дзейнічаць клуб “Юныя краяведы” з ліку вучняў сярэдняга школьнага ўзросту Паплаўскай школы. З іх удзелам праводзяцца краязнаўчыя бліц-разведкі па запісу ўспамінаў ветэранаў, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, вязняў фашысцкіх канцлагераў, арганізоўваюцца вечары ўспамінаў, святы ўшанавання, Дні памяці. У рэпертуары - вечары ўспамінаў “Пакуль жывём – памятаем”, “Ветэраны – хрэснікі вайны”, дні памяці “Жыві і помні, Беларусь, свой боль і полымя вайны”, “Па вёсцы ішла вайна”, “Стаіць на вёсцы помнік” і іншыя.

Актыўны ўдзел Паплаўская бібліятэка прымала ў сумесным наладжванні з мясцовым Домам культуры, музычнай школай штогадовага народнага свята Купалле, якое стала адным з самых любімых свят у аднавяскоўцаў. У Паплавы з'язджаліся жыхары і іншых навакольных вёсак раёна, бо тэатралізаванае відовішча з запальваннем вогнішча, выкананем народных песень фальклорных калектываў раёна, танцамі, рознымі гульнямі, забавамі, конкурсамі і жартамі стварала добры настрой і ўзнёслую атмасферу ў прысутных.

Не заставалася па-за ўвагай бібліятэкара і работа па прапагандзе здаровага ладу жыцця, экалагічная адукацыя насельніцтва, работа з сям'ёй, прапаганда прынцыпаў міласэрнасці, дабрыні, гуманізму, інфармацыйная дзейнасць, прафарыентацыя.

Ірына Васільеўна Цяленчанка за свой 45-гадовы стаж работы ўнесла значны асабісты ўклад у прэстыжнасць Паплаўскай сельскай бібліятэкі - узорнага асяродка культуры і духоўнасці на вёсцы. Неаднаразова ўзнагароджвалася Ганаровымі граматамі, Падзячнымі лістамі, грашовымі прэміямі і каштоўнымі падарункамі не толькі раённым кіраўніцтвам, а абласным і рэспубліканскім. Мае юбілейны медаль да 100-годдзя У. Леніна і медаль “Ветэран працы”. З году ў год падцвярджалася званне Паплаўскай бібліятэкі “Бібліятэка выдатнай работы”.

У красавіку 2002 года Ірына Васільеўна перадала бібліятэку дыпламаванаму спецыялісту з сярэдняй адукацыяй Наскавец Валянціне Уладзіміраўне, якая да гэтага часу працавала бібліятэкарам малаперспектыўнай зоны ў вёсцы Жорнаўка. У сувязі з закрыццём Жорнаўскай бібліятэкі і па заканчэнні працоўнага кантракта Цяленчанка І.В. у сувязі з пенсійным узростам, Наскавец В.У. накіравалі на працу ў Паплаўскую бібліятэку. Сумяшчаючы працу і навучэнне бібліятэкара ў Мінскім універсітэту культуры набыла вышэйшую адукацыю. Наскавец В.У., жыхарка горада Беразіно, у 90-ыя гады была актывістам бібліятэчнай агітбрыгады цэнтральнай бібліятэкі “Дзяўчаты – паўпрэды гумару”, якая прадстаўляла для шырокага кола слухачоў – школьнікаў, хворых тэрапеўтычнага аддзялення раённай бальніцы, работнікаў дзіцячых садкоў і вядучых праізводстваў горада цыкла “Смех – лепшае лекартсва”, “Смех і сатыра – лепшы сродак выхавання”. Мае добрыя навыкі аратарскага выступлення перад аўдыторыяй, што дазваляе ажыццяўляць на практыцы майстэрства пераконваць, агітаваць, станоўча ўплываць на розумы і сэрцы людзей, пабуждаць да дзеянняў. Слова – вялікая сіла ўплыву і выхавання, залог поспеху бібліятэчных мерапрыемстваў. Пераняўшы дастойную эстафету папярэдніка, бібліятэкар акунулася ў работу, адразу наладзіла цесны кантакт з мясцовым Домам культуры, музычнай і сярэдняй школай, адміністрацыяй сельскага Савета і сельскай гаспадаркі. З ліку школьнікаў-актывістаў быў арганізаваны ў 2003 годзе літаратурна-выхаваўчы клуб “ДАНКО”, пасяджэнні якога сталі не толькі практыкай правядзення выхаваўча-асветніцкай мерапрыемстваў, а і школай народнай творчасці, калі бібліятэкар перадае юным наведвальнікам свае навыкі народнага ўмельства саломапляцення і работы з сухацветамі.

Бібліятэчны ўмелец Наскавец В.У. з'яўляецца членам раённага клуба рамёстваў. Шматгадовае захапленне Валянціны Уладзіміраўны саломапляценнем і экебанай паступова перайшло ў прызванне. Яна стала сапраўднай майстрыхай па стварэнню пано, шкатулак, дэкаратыўных ваз з кветкамі. Работы масцеравітага бібліятэкара ў 2003 годзе дэманстраваліся на выставе-праглядзе творчасці бібліятэчных работнікаў Мінскай вобласці “Свет нашых захапленняў”, наладжанай на базе выставачнай залы Мінскай абласной бібліятэкі імя А.С. Пушкіна, на выставе народнай творчасці бібліятэчных работнікаў раёна “Наша натхненне” у чытальнай зале Бярэзінскай раённай бібліятэкі, неаднаразова выстаўляліся ў раённым Доме культуры, Паплаўскім СДК і СШ.

Па выніках 2003 года ў бібліятэцы чытала 287 чытачоў, якім было выдадзена 3 686 экземпляраў рознагаліновай літаратуры, перыядычных выданняў і іншых дакументаў. Кніжны фонд налічваў 7 133 экземпляры. У 5-ці абслугоўваемых бібліятэкай вёсках пражывала на 1 студзеня 2004 года 913 жыхароў. У вёсцы Неганічы працаваў бібліятэчны пункт, дзейнасць якога забяспечвала на грмадскіх пачатках кнігалюб і актывістка мясцовая жыхарка Шамко А.К. Дзеля задавальнення запытаў чытачоў у сувязі са слабым паступленнем у бібліятэку новых кніг, бібліятэкар выкарыстоўвала паслугі ўнутрысістэмнага кнігаабмена.

У чэрвені 2005 года на базе Паплаўскай бібліятэкі – школы літаратурнага выхавання адбыўся раённы семінар бібліятэкараў “Дзеці і падлеткі ў свеце кніжнай культуры”, дзе бібліятэка прадставіла “Творчы аўтограф Паплаўскай бібліятэкі” з экскурсіяй-прэзентацыяй дзіцячага літ-гульнёвага кутка “Чытаем, вучымся, гуляем”, маладзёжнага бюро навін, куктка здароўя “Казка – мудрасці вязка, як аберагчы здароўе падказка”, літаратурнай трыбуны дабрыні “У будучыню – з дабрынёй сэрца”, экалагічнага цэнтра для дзяцей і дарослых, інфармтрыбуны “Бібліятэчны веснік”, ЛІЦа “Мастацкая літаратура – акно ў свет”, трыбуны адкрытага пісьма, літаратурна-творчы клуб “Данко”, міні-музей рэчаў земляка, пісьменніка, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Р. Ігнаценкі. На семінарскай трыбуне бібліятэчнага вопыту “Бібліятэчная сябрына” бібліятэкараў Паплаўскай і Мачаскай сельскіх бібліятэк – творчых партнёраў дзелавой садружнасці бібліятэкараў прадставіла тэатралізаваную прэзентацыю ўзорных форм масавай работы для дзяцей і падлеткаў “Цікаўным дзецям – на мове цікавай”, а на літаратурнай трыбуне “Для падлеткаў і пра падлеткаў” прэзентавала аповесць А. Галькевіча “Дзеці да 16” .

Апроч гарантаваных бясплатных паслуг бібліятэка ў 2006 годзе пачала аказваць платныя п аслугі п а выдач ы кніг з камерцыйнага фонду .

Сувязь з мясцовым Домам культуры, пад адным дахам з якім бібліятэка знаходзілася, што ў справах па арганізацыі культурнага досуга насельніцтва дазволілі бібліятэцы стаць дыпламантам у намінацыі “Бібліятэка – дзелавы партнёр СДК” па выніках раённага агляда-конкурса – 2006 “Мая бібліятэка”.

У гэтым жа годзе Паплаўская бібліятэка астала аграгарадскога тыпу. Пакуль ішоў рамонт памяшкання, бібліятэка тулілася ў невялічкім прыстасаваным пакойчыку будынка мясцовай музычнай школы. Для чытачоў прапаноўваліся толькі кнігі павышанага попыту, астатнія былі звязаны ў кіпы. У сувязі з разшырэннем плошчы мясцовага Дома культуры рашэннем Бярэзінскага райвыканкама ў 2007 годзе бібліятэка была перабазіравана ў адміністрацыйны будынак Паплаўскага сельскага Савета, што спрыяла паляпшэнню ўмоў працы, павышэнню інтэнсіўнасці наведвальнікаў з дзелавымі запытамі. Зараз бібліятэка займае цэлае крыло 2-ух павярховага будынка ў цэнтры аграгарадка – мае тры пакоі, актавую залу і прасторнае фае на другім паверсе будынка, у якім зроблены капітальны рамонт з выкарыстаннем новых будаўнічых тэхналогій. Бібліятэчнае абсталяванне адпавядае патрэбам сёняшняга дня. У першым пакоі прадстаўлены дзіцячы фонд і абсталявана працоўнае месца з кафедрай для абслугоўвання чытачоў, у другім пакоі размеркаваны згодна табліц ББК асноўны фонд бібліятэкі і краязнаўчы куток “Любы сэрцу куточак Бярэзінскага краю – зямля Паплаўская” і прадстаўлена разгорнутая выстава “Літаратурная ніва Беларускай зямлі”. Трэцці пакой у 2008 годзе спецыялізаваны пад інфармацыйна-ідэалагічны цэнтр з камп'ютэрным аснашчэннем і з выхадам у інтэрнэт і прынтарам, электроным банкам даных прававых ведаў “Эталон”, пасадачнымі месцамі для работы чытачоў. Гэта з'яўляецца добрым падспор'ем у задавальненні інфармацыйных запытаў чытачоў, аказанні дадатковых платных паслуг па наборы тэксту і афармленні тытульнага ліста на камп'ютэры, распячатцы тэксту на прынтары. Аформлены фонд перыядычных выданняў “Весткі з усёй планеты”, выставы “Беларусь: выбар шляху”, экалагічна-адукацыйны цэнтр “Экалагічны ўсенавуч для дарослых і дзяцей”, літаратура павышанага попыту камерцыйнага фонда. Высокі эстэтычны густ і навыкі народнага майстра па саломапляценні і фларыстыцы бібліятэкара вышэйшай адукацыі Наскавец В.У. дазволілі па-мастацку аформіць насценную рэкламу і інтэр'ер у самабытным, прывабным і стылізаваным фармаце, які вабіць наведвальнікаў. Выставачныя формы арганізаваны ва ўдалым выкарыстанні магчымасцяў мастацкага афармлення і сродкаў камп'ютэрнай графікі. Маецца ў наяўнасці актавая зала на 65 пасадачных месцаў, што служыць добрай матэрыяльна-тэхнічнай базай для правядзення культурна-асветніцкіх мерапрыемстваў, інфармацыйных дзён.

Кола масавых мерапрыемстваў – шматвектарнае: літаратурна-краязнаўчае, экалагічна-асветніцкае, інфармацыйнае, забаўляльнае. Сумесна з Домам культуры практыкуюцца шырокафарматныя мерапрыемствы: святы вёскі, сямейныя конкурсы, выставы-экспазіцыі работ народных умельцаў, святы гумару, каляндарныя абрадавыя святы і рытуалы. У рамках супрацоўніцтва са школай - - ушанаванне мясцовых пісьменнікаў-аматараў (у першую чаргу празаіка-натураліста Р. Ігнаценкі,), юбілейных вечарын у гонар чырвоных літаратурных дат года, прэзентацыі зборнікаў літаратурный творчасці бярэзінскіх аматараў прыгожага пісьменства, святы кнігі, школьныя святы. Для дарослага насельніцтва у межах супрацоўніцтва з мясцовымі ўладамі і ідэалагічна-прапагандысцкім актывам сельвыканкама – дні інфармацыі, трыбуны “Пытанняў і адказаў”, гадзіны сацыяльна-бытавой інфармацыі, агіт-акцыі здаровага ладу жыцця, палітінфармацыі. Па выніках раённага агляду-конкурсу – 2007 “Бярэзінскія бібліятэкі – Янку Купалу і Я. Коласу” бібліятэкар Паплаўскай бібліятэкі адзначана ў намінацыі “Лепшы знаўца творчасці юбіляраў” і ўзнагароджана адпаведным дыпломам і грашовай прэміяй у памеры 100 000 рублёў. У 2008 годзе бібліятэка стала базай правядзення міжрэгіянальных творчых сустрэч бярэзінскіх бібліятэчных работнікаў у рамках узаеманаведванняў “Бібліятэчны прагрэс – у садружнасці ЦБС” з калегамі Чэрвеньскай ЦБС Мінскай вобласці. У гэтым жа годзе работа Паплаўскай бібліятэкі была адзанчана падзякай губернатара Мінскай вобласці. У матэрыялах абласной бібліятэкі імя А.С. Пушкіна, агучаных на метадычным савеце па выніках франтальнай праверкі па тэме “Інфармацыйныя рэсурсы сістэмы публічных бібліятэк Бярэзінскага раёна: эфектыўнасць арганізацыі і выкарыстання” у лістападзе 2008 года, Паплаўская бібліятэка была прадстаўлена станоўча. 26 лютага 2009 года Паплаўская бібліятэка гасцінна вітала з творчай справаздачай калег па рабоце Бярэзінскай ЦБС на занятках выязной школы прафмайстэрства “Бібліятэка – інфармацыйна-культурны цэнтр аграгарадка”.

У лістападзе ў актавай зале бібліятэкі адбылася сустрэча наведвальнікаў бібліятэкі з пісьменнікам-земляком Рыгорам Ігнаценкам і прэзентацыя яго новай кнігі выдавецтва “Літаратура і Мастацтва” “Зацугляны шчупак”, на якой прысутнічалі і сталічныя госці – дырэктар рэдакцыйна-выдавецкай установы “ЛіМ” Алесь Карлюкевіч і беларускі пісьменнік Алесь Марціновіч.

Нідзе недрукаваныя тэксты літаратурных замалёвак “бярэзінскага Прышвіна”, жыхара в.Паплавы Р.Ігнаценкі, якія ён даверыў Паплаўскай бібліятэцы, сталі падставай для выпуску ў 2011 годзе для бібліятэчнага самавыдавецкага зборніка “Зямное рэха”, які стаў цудоўным дапаўненнем да прадстаўленых у краязнаўчым кутку бібліятэкі друкаваных кніг таленавітага земляка. Каштоўным набыткам Паплаўскай бібліятэкі стала копія старадаўняй карты Бярэзіншчыны, на якой ужыты старарускі правапіс, пазначаны буйныя мястэчкі краю, фальваркі вёсачкі, рачулкі, чые назвы даўно перайменаваны. 

Гасціннасць Паплаўскай бібліятэкі не мае межаў: была і з'яўляецца базай для правядзення раённых, абласных семінараў; міжрэгіянальных творчых сустрэч бярэзінскіх бібліятэчных работнікаў у рамках узаеманаведванняў “Бібліятэчны прагрэс – у садружнасці ЦБС”.

У 2008 годзе работа бібліятэкара Паплаўскай бібліятэкі Наскавец Валянціны Уладзіміраўны адзанчана падзякай губернатара Мінскай вобласці.

У 2014 годзе па рашэнню Бярэзінскага раённага выканаўчага камітэта ад 30.10.2014г. № 1771 Паплаўская сельская бібліятэка інтэгравана са школьнай бібліятэкай ДУА “Паплаўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа” у Паплаўскую сельскую інтэграваную бібліятэку.

Вопыт бібліятэчнай установы чутны далёка за межамі раёна і вобласці.

 

Прочитано 3329 раз Последнее изменение 12.11.2018

Информационные ресурсы